23.04.2025 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Гродзенскім абласным судзе 10 сакавіка быў вынесены прысуд 42-гадоваму палітзняволенаму Сяргею Цераховічу. Яго абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) і прызначылі дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Падрабязнасці справы невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд вынес Юрый Казакевіч.  

sjarhei-cerakhovicz_1.jpg
Сяргей Цераховіч

Пра Сяргея вядома няшмат. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Гродне. Паводле звесткак "Белпола", ён да канца 2016 года служыў старшым тэхнікам у памежнай часці 2141, якая абслугоўвала пункт "Брузгі" на беларуска-польскай мяжы. Служба скончылася незразумелым інцыдэнтам на мяжы — Сяргей самастойна адкрыў шлагбаўм і дазволіў "грамадзянцы Цераховіч" (незразумела, гэта яго сваячка ці не) выехаць з пункту пропуску.

Па звестках Digital Intelligence Team, пасля 2016 года Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы "Севіры Сэрвіс", якая надавала рытуальныя паслугі. Таксама ў яго ёсць статус ІП, сферай дзейнасці якога пазначана "Паштовая ды кур'ерская дзейнасць".

Сяргей быў затрыманы ў 2024 годзе. Суд над ім распачаўся 17 лютага 2025 года. Па справе адбылося пяць судовых пасяджэнняў.

Крыніца: Гарадзенца асудзілі да 10 гадоў калоніі за "здраду дзяржаве"