Людміла Кучура. Фота: svaboda.org Людміла Кучура днямі атрымала адказ на скаргу з Магілёўская абласной пракуратуры, якую яна накіроўвала ў Генеральную пракуратуру і ў якой указвала на факты ціску на яе мужа Пятра Кучуру ў папраўчай калоніі №15 – змяшчэнне яго ў ШІЗА, абмежаванне ў тэлефанаваннях, а таксама вынясенне папярэджанняў, каб пазбавіць умоўна-датэрміновага вызвалення.

З адказу пракуратуры вынікае, што адміністрацыяй калоніі з асуджаным па фактам парушэння ўстаноўленнага парадку адбыцця пакарання неаднаразова праводзіліся выхаваўчыя размовы пра неабходнасць захавання патрабаванняў крымінальна-выканаўчага кодэкса і ён папярэджваўся пра адказнасць за парушэнне такого парадку, аднак нібыта адэкватныя меры выхаваўчага ўздзеяння не ўспрыняў.

Ад пачатку 2018 года да Пятра Кучуры было прыменена тры спагнанні: два ў выглядзе вымовы, адно – змяшчэння ў штрафны ізаляратар тэрмінам на пяць сутак. Спагнанні паводле праверкі пракуратуры былі вынесеныя за захоўванне забароненых прадметаў, зносіны з асуджанымі, якія змяшчаюцца ізалявана, невыкананне законных патрабаванняў адміністрацыі папраўчай установы, захоўванне і выкарыстанне самаробнага электрычнага прыбора, адпраўленне паштовай карэспандэнцыі абмінаючы адміністрацыю ўстановы.

Гэта пацьвяржаецца рапартамі супрацоўнікаў ПК-15, актамі аб дапушчаных парушэннях, тлумачэннямі іншых асуджаных.

“У ходзе праведзенай праверкі Пётр Кучура растлумачыў, што захоўваў і карыстаўся самаробным кіпяцільнікам, вырабленым з частковым выкарыстаннем завадскіх дэталяў; факты адпраўлення паштовай карэспандэнцыі, минуючы адміністрацыю ПК-15, зносін з асуджанымі, якія змяшчаюцца ў ШІЗА, ПКТ не адмовіў”, - адзначаецца ў адказе за подпісам намесніка пракурора Сяргея Парфёнава.

Сыходзячы з гэтага, пракуратура прыходзіць да высновы, што спагнанні да Пятра Кучуры ўжытыя абгрунтавана, а фактаў прадузятага стаўлення, аказання псіхалагічнага і фізічнага ўздзеяння з боку адміністрацыі калоніі ў дачыненні да асуджанага не ўстаноўлена, падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання не маецца.

Таксама, Сяргей Парфёнаў указвае, што ад пачатку году Пятром Кучура адпраўлена сем лістоў на адрас Людмілы Кучуры, аднак жонка осужданага атрымала толькі адну паштоўку на Дзень нараджэння.

Акрамя таго, праверкай устаноўлена, што два лісты ад 26 і 28 сакавіка, адрасаваныя Людмілі Кучуры, знішчаныя адміністрацыяй папраўчай установы ў сувязі з цынічным характарам дадзеных лістоў і выкарыстаннем у іх жаргонных выразаў.

Цікава, што пракурор Ігар Саленюк наведваў калонію з праверкай 27 сакавіка, і незразумела, як ён мог даваецца пра дзеянні калоніі, якія адбыліся на наступный пасля яго візіту дзень.

Пра гэта стала вядома з ліста Пятра Кучуры да Людмілы Кучуры, напісанага ў прамежак часу з 15.15 да 16.20 28 сакавіка. У ім асуджаны піша, што ў 10.50 гадзін ён укінуў папярэдні ліст, які нібыта ўтрымліваў жаргонныя выразы і цынізм, а таксама што пракурор абяцаў вырашыць пытанне па ліставанні і тэлефонным званкам станоўча для асуджанага. Больш за тое, у лісце Пётр Кучура адзначае, што ў ранішнім лісце не паспеў напісаць пра заахвочванні, і пералічвае іх ад 2006 года.

“Усе, кто ведае майго мужа, падцвердзяць, што ніколі за ўсе гэтыя гады ён не ўжываў у сваіх лістах жаргонных выразаў ці нешта падобнае. Атрымоўваецца, што заахвочванні носяць цынічны характар?”

Яшчэ адзін адказ Людміла Кучура атрымала ад намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Уладзіслава Мандрыка, якому падавала дзве разгорнутыя скаргі на асабітым прыёме. Праверка ДВП была праведзена цягам сямі дзён, а адказ утрымліваецца на адзінаццаці радках, у ім сцвярждаецца, што вынесеныя спагнанні ў дачыненні да Пятра Кучуры прымененыя "у адпаведнасці з цяжкасцю і характарам дапушчаных ім парушэнняў".

Людміла Кучура не можа пагадзіцца з такім стаўленнем да яе мужа ў калоніі і адпіскамі дзяржорганаў, таму 10 красавіка яна плануе патрапіць на асабісты прыём непасрэдна да начальніка ДВП.

Больш за тое, Людміле Кучура стала вядома, што яе мужа зноў змясцілі ў ШІЗА на дзесяць сутак. Прычыны такіх дзеянняў з боку адміністрацыі калоніі пакуль невядомыя, аднак жанчына ўспрымае гэта як працяг ціску на мужа і спробу “закрыць ёй рот”.

Людміла Кучура таксама ўжо накіравала скаргі ва Упраўленне Следчага камітэта і Пракуратуру Магілёўскай вобласці па факце бесчалавечага і жорскага абыходжання - з-за таго, што Пятру Кучуры па тры разы за ноч свецяць яркім ліхтарыкам у твар і не даюць спаць.

Нагадаем, што надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучуры пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адмінстрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.

Крыніца: Людміла Кучура: “Заахвочванні носяць цынічны характар?”