Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Фота з сацыяльных сетак. Брэсцкі абласны суд разгледзіць 11 красавіка скаргі блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна на пастанову суда Пінскага раёна, які вынес рашэнне пакараць іх штрафам у памеры 40 базавых велічыняў кожнага. Суддзя з Пінску Вольга Лубнік прызнала іх вінаватымі ў парушэнні ч.2 арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Пікантнасць сітуацыі палягае ў тым, што суддзя пад час судовага паседжання 12 сакавіка публічна прызнала сацыяльную сетку Facebook і відэахостынг Youtube сродкамі масавай інфармацыі.

“Берасцейская Вясна” падрабязна распавядае пра сутнасць справы. 19 студзеня 2018 г. блогеры прыехалі на прадпрыемства EXIDE ў горад Пінск для таго, каб пагаварыць са спецыялістамі прадпрыемства аб экалогіі, адходах і іншых рэчах, якія цікавяць ініцыятыўную групу па прыпыненні будаўніцтва завода АКБ пад Брэстам. На прахадной паміж блогерамі і юрысконсультам EXIDE Аляксандрам Юнкевічам, які выйшаў ім насустрач, ўзнікла непаразуменне – работнік EXIDE пачаў кідацца на камеру Сяргея Пятрухіна і крычаць, што ён не дазваляў відэаздымку.

Аляксандр Юнкевіч сказаў сваім калегам мужчыне з барадой і жанчыне бландынцы: «Выклікайце Дэпартамент аховы. Націскайце трывожную кнопку».

Гледзячы, што юрысконсульт вядзе сябе, мякка кажучы, дзіўна, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін дасталі тэлефоны і пачалі прамыя трансляцыі. Кабанаў на свой Facebook, а Пятрухін ў Youtube. 

Юрысконсульт напісаў на блогераў заяву ў міліцыю і 12 сакавіка 2018 года адбыўся суд.

Крыніца: Суд палічыў Facebook і Youtube сродкамі масавай інфармацыі, блогеры - супраць