Барыс Хамайда. Фота Алены Сцяпанавай Адміністрацыйную справу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў дачыненні да сямідзесяцігадовага актывіста Барыса Хамайды разглядае сёння суд Чыгуначнага раёна Віцебска. Пра гэта ў сацыяльнай сетцы фэйсбук паведаміла Алена Сцяпанава.

Падставай складання пратакола правапарушэння па арт 23.34 КаАП для супрацоўнікаў міліцыі стала віншаванне жыхароў абласнога цэнтра з надыходзячым Днём Волі 23 сакавіка, з якім Хамайда выступіў на сваім “працоўным месцы” каля “Сіняга дому” ў цэнтры горада.

Судовае паседжанне прызначанае на 11-00.

Барыс Хамайда, пачынаючы з 1997 года, практычна кожны дзень распаўсюджвае ў цэнтры Віцебска незалежныя газеты, улёткі, нацыянальную сімволіку. Яго неаднаразова затрымлівалі і каралі ў адміністрацыйным парадку за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах і проста па надуманых падставах. Дарэчы, Барыс Хамайда з’яўляецца ганаровым сябрам Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Крыніца: У Віцебску судзяць Барыса Хамайду