Чарнобыльскі шлях-2017. Фота: Наша Ніва. У Маладзечанскі райвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне пікета, прымеркаванага да чарговай, 32-й гадавіны, аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Як паведамляе праваабаронца Алесь Капуцкі, мясцовыя актывісты такім чынам збіраюцца праінфармаваць жыхароў горада аб небяспецы выкарыстання атамнай энергетыкі і нагадаць аб чарнобыльскай трагедыі.

Яны лічаць, што права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе не менш важнае, чым ўсе астатнія правы і свабоды, бо наўпрост звязана з жыццём і здароўем чалавека. Тым больш, што ў непасрэднай блізасці ад Маладэчна, наўпрасткі не больш за 70 кіламетраў, будуецца Беларуская АЭС.

Праваабаронцы і грамадскія актывісты рэгіёна неаднойчы ўздымалі пытанне аб праблемах адкрытасці і празрыстасці для грамадства працэсу будаўніцтва АЭС, праводзілі семінары і круглыя сталы па гэтай важнай для жыхароў раёна тэме.

Крыніца: Маладэчна: Заяўлены пікет да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.