Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі ў дачыненні да Партыі БНФ.
Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, падставай для вынясення папярэджання сталі падзеі падчас святкавання Дня Волі 25 сакавіка ў Менску. Акцыя была разагнаная міліцыяй, шмат людзей былі арыштаваныя, многія атрымалі тэрміны адміністрацыйнага арышту.
“Сапраўднай мэтай вынесенага папярэджання з’яўляецца спроба перакласці адказнасць за брутальны разгон акцыі Дня Волі на дэмакратычную апазіцыю”, — кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
— Мы бачым, што міністэрства юстыцыі з аднаго боку такім чынам ажыццяўляе палітычны ціск на партыю БНФ з мэтай абмежаваць актыўнасць, у тым ліку вулічную актыўнасць нашых сябраў, але таксама задача была перакласці адказнасць з хворай галавы на здаровую: з Менгарвыканкама і МУС, за тое, што адбывалася 25 сакавіка, за гэтае беззаконне.
На думку Аляксея Янукевіча, папярэджанні, вынесеныя Міністэрствам юстыцыі Партыі БНФ, а таксама Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, ставяць за мэту шантаж дэмакратычных партый магчымай ліквідацыяй напярэдадні ўзнаўлення масавых пратэстаў, якія прагназуюцца ўвосень.