Сёння ў Мінску адбудзецца акцыя “Чанобыльскі шлях”, прысвечаная 32-ой гадавіне аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Акцыя дазволена Мінскім гарвыканкамам. Збор удзельнікаў на «Чарнобыльскі шлях» абвешчаны ў 18:00 каля кінатэатру “Кастрычнік”, што ля станцыі метро «Акадэмія навук». Адтуль шэсце рушыць да чарнобыльскай капліцы, што ў парку Дружбы народаў, там мусіць адбыцца мітынг.

Арганізатарамі акцыі выступаюць Партыя БНФ, АГП, рух «За свабоду», БСДП, БХД, рух салідарнасьці «Разам», партыя «Зялёныя». У аргкамітэт таксама ўвайшла экалягічная арганізацыя «Экадом».

Назіральнікі ад “Грамадскага кантролю” будуць весці маніторынг гэтай акцыі.

Адначасова з “Чарнобыльскім шляхам”, у Кіеўскім скверы, які недалёка ад капліцы, пройдзе дазволены мітынг КХП БНФ.

***

Ля кінатэатра "Кастрычнік" дзяжураць больш за 20 міліцыянтаў у цывільным, ёсць супрацоўнікі ДАІ і сапёрнай службы. За будынкам стаяць аўтазак, аўтобусы і фургон з металічнымі плотамі. 

Па дадзеных назіральнікаў, вакол месца збору ў розных дварах знаходзяцца не менш за шэсць аўтазакаў.

Прыкладна ў 17.40 на баку будынку Акадэміі навук пяцёра актывістаў разгарнулі плакаты з патрабаваннем свабоды для зняволеных Міхаіла Жамчужнага, Змітра Паліенкі, Святаслава Барановіча і Тараса Аватарава.  

На плошчу ля кінатэатру падыходзяць людзі, дастаюць сцягі і плакаты.  

(Будзе абнаўляцца)

Крыніца: У Мінску пачынаецца акцыя "Чарнобыльскі шлях-2018" Дапоўнена