Напрыканцы красавіка грамадская арганізацыя, жадаючы перадаць шэраг кніг у турэмную бібліятэку, звярнулася да начальніка СІЗА №1 і КДБ Беларусі з адпаведнай прапановай.
Па інфармацыі прэс-службы ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", у лісце ад імя старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыса Пятровіча выказвалася жаданне ў межах "дабрачыннай дзейнасці па распаўсюдзе айчыннай кнігі, прапагандзе чытання на беларускай мове... перадаць у падарунак бібліятэцы шэраг кніг, сярод якіх будзе і класіка, і творы сучасных беларускіх пісьменнікаў". Пасля гэтага змяшчалася просьба паведаміць працэдуру перадачы кніг, прычым арганізацыя забяспечвала іх дастаўку да следчага ізалятара.
19 траўня ў СБП паступіў ліст ад начальніка СІЗА №1 Вікенція Варыкаша, дзе паведамлялася, што "фонд бібліятэкі ўстановы ў поўнай меры забяспечаны кнігамі, у тым ліку на беларускай мове, і ў цяперашні час не адчувае патрэбу ў папаўненні".
Нагадаем, што ў лістах фігурантаў "справы патрыётаў", якія трапляюць у СМІ, не раз сустракаецца пажаданне мець больш кніг для чытання, у першую чаргу мастацкай літаратуры на беларускай мове.
Крыніца: СІЗА №1 адмовілася ад кніг Саюза беларускіх пісьменнікаў