Суд Ленінскага раёна Гародні 25 траўня пачаў разгляд адміністратыўнай справы Сяргея і Вольгі Верамеенкаў. Адметнасць гэтага працэсу ў тым, што паводле складзенага супрацоўнікамі міліцыі пратаколу па арт 23.34 КаАП, іх вінавацяць у правядзенні пікетавання, якое выявілася ў дэманстрацыі бела-чырвона-белага сцяга. Справу разглядае суддзя Руслан Гурын.
Сябра партыі БХД гарадзенец Сяргей Верамеенка, ня ўтойвае, што размясціў здымкі з бела-чырвонымі сцягамі і надпісамі «У Гародні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!» ў «Фэйсбуку» на знак салідарнасці з Васілём Паляковым, які адбываў у Гомелі 15 сутак арышту за бела-чырвона-белы сцяг.
Актывіст лічыць, што складанне пратаколу і тым больш прыцягненне да адказнасці за здымкі — загад «зверху», як гэта некалькі гадоў таму было з гарадзенскімі праваабаронцамі.
Адразу пасля пачатку судовага паседжання прадстаўнік УУС заявіў хадайніцтва аб прадстаўленні часу для дапрацоўкі пратаколлу правапарушэнне. Суддзя абвесціў перапынак на 15 хвілін.
Крыніца: Сяргея i Вольгу Верамеенкаў судзяць за бел-чырвона-белы сцяг