Да канца чэрвеня ў Маладэчна будзе дзейнічаць выстава "Лісты палітвязняў ад 1996 года да нашых дзён". Яе можна наведаць, папярэдне дамовіўшыся, у прыватнай гасцёўні на вуліцы Чыстай, 26.

Экспазіцыя ўключае ў сябе 11 стэндаў, на якіх размешчаныя лісты палітычных вязняў з-за кратаў, лісты ў падтрымку палітвязняў, а таксама матэрыялы бюллютэня Праваабарончага цэнтру “Вясна” – “Права на Волю”, а таксама архіўныя фотаздымкі.

Ліставанне праз краты ўтрымлівае факты, падзеі, эмоцыі, мары і пажаданні, нягледзчы на перашкоды турэмнай цэнзуры. З 1996 года, па звестках праваабарончых арганізацыяў, праз крымінальны пераслед за палітычныя перакананні ў Беларусі ў зняволенне трапілі больш за 200 чалавек.

На адкрыцці выставы ў Маладэчна, якое адбылося 5 чэрвеня, прысутнічалі праваабаронца Паліна Качаткова, аўтарка ідэі і канцэпцыі стварэння экспазіцыі. Яна распавядала пра неабходнасць захавання дакументаў дэмакратычнага руху краіны навейшага часу.

Выстава

Затым выступіў старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”, былы палітвязень Алесь Бяляцкі, які казаў пра гісторыю свайго зняволення,  прадставіў кнігі-дзённікі былых палітвязняў, якія ПЦ "Вясна" выдала апошнім часам, а таксама сваю кнігу, напісаную ва ўмовах турмы, адказаў на пытанні прысутных.

 Выстава

На імпрэзе выступіў таксама былы палітвязень з Астраўца Іван Крук. 12 гадоў таму Крук быў асуджаны на шэсць месяцаў арышту за тое, што разбіў аб падлогу ўласны  кампутар падчас вобшуку, што было расцэнена  як  гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўнікаў міліцыі.

Выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” падрыхтаваная “Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі”. Раней з ёй змаглі азнаёміцца жыхары Гомеля  і Бабруйску.

Крыніца: Выстава "Лісты палітвязняў ад 1996 года да нашых дзён" перабралася ў Маладэчна