Наталля Стрэльчанка. Фота з сайта ucpb.org У Дуброўне раніцай 25 сакавіка актывістку Наталлю Стрэльчанку затрымалі з прымяненнем фізічнай сілы супрацоўнікі міліцыі, калі яна выходзіла з дому і збіралася паехаць у Мінск на дазволенае святкаванне Дня Волі, яе схапілі. Пасля затрымання жанчына была дастаўлена ў РАУС. Там яна са згоды міліцыянтаў змагла зрабіць некалькі званкоў, але міліцыянтам падалося, што яна фатаграфуе. У яе адабралі тэлефон і склалі пратакол за супраціўленне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП).

Да 26 сакавіка яе змясцілі ў Аршанскі ІЧУ. А 30 сакавіка суддзя Татаеў суда Дубровенскага раёна аштрафаваў Наталлю на восем базавых велічыняў (196 рублёў).

Актывістка абскардзіла рашэнне раённага суда ў Віцебскім абласным судзе, але ён пакінуў рашэнне без зменаў.

Оrsha.eu перадае, што Наталля вінаватай сябе не лічыць, больш за тое, абвінавачвае міліцыянтаў у прадузятасці да яе сям'і (раней муж Стрэльчанка ад пераследу з'ехаў у палітычную эміграцыю) і неправамерным прымяненні сілы да сябе. У сувязі з гэтым, Наталля плануе прайсці ўвесь магчымы працэс абскарджання ў Беларусі.

Адначасова пры дапамозе праваабаронцаў ПЦ "Вясна" актывістка рыхтуе заяву ў камісію па правах чалавека ААН.

Крыніца: Актывістка Наталля Стрэльчанка мае намер ісці да канца