Мiкалай Салянiк i Аляксандар Лаўрэнцеў Затрыманы брутальна 3 ліпеня людзьмі ў цывільным, гарадзенскі грамадскі актывіст Аляксандр Лаўрэнцьеў паведаміў, што 4 ліпеня яго аштрафавалі ў суде Кастрычніцкага раёна Гародні, пасля чаго адпусцілі дамоў.

Па інфаррмацыі “Гарадзенскай Вясны”, Аляксандра Лаўрэнцьева судзілі паводле складзеных міліцыяй двух пратаколаў пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. За нібыта непадпарадкаванне міліцыі яго аштрафавалі на 5 базавых велічынь, яшчэ 15 базавых яму прысудзілі за правядзенне несанкцыянаванага пікету. Так суд расцаніў фотаздымак, выстаўлены Лаўрэнцьевым у асабістай сацсетцы.

Сёння, 4 ліпеня, журналісты і праваабаронцы амаль цэлы дзень чакалі Лаўрэнцьева ў Кастрычніцкім судзе. Ніякай дакладнай інфармацыі ім там даць не маглі. Урэшце Лаўрэнцьева прывезлі ў канцы працоўнага дня і судзілі да 18.40.

Іншы грамадскі актывіст, якога жорстка затрымалі ўчора сілавікі без апазнавальных знакаў, Мікалай Салянік па-ранейшаму знаходзіцца ў шпіталі.

Крыніца: Гародня: Аляксандра Лаўрэнцьева аштрафавалі, Мікалай Салянік дагэтуль у шпіталі