“Сёння прыйшла павестка з суда Савецкага раёна Мінска, у якой пазначана, што на першае пасяджэнне ў суд трэба з’явіцца 30 ліпеня”, – распавёў сайту palitviazni.info адзін з фігурантаў справы Ігар Комлік.
Нагадаем, што Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). 2 кастрычніка 2017 году Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Па інфармацыі Следчага камітэта, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.
Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
18 чэрвеня пракуратура перадала “справу прафсаюзаў” у суд Савецкага раёну Мінска.
“Асабіста я да суда маральна падрыхтаваны, хаця, натуральна, цяжка рабіць нейкія прагнозы, – кажа Ігар Комлік. – Мы ж бачым, як улада ставіцца да сваіх апанентаў у сваіх ацэнках. Калі я паспрабаваў прыцягнуць да адказнасці тых, хто на Інтэрнэт-рэсурсах піша пра мяне розную хлусню, то знайсці вінаватых не ўдалося. Такім чынам, адным можна спакойна парушаць закон, а тых, хто яго прытрымліваецца, можна пры жаданні з лёгкасцю зрабіць злачынцамі. У мяне няма сумненняў, што гэта справа палітычнага кшталту, а значыцца і рашэнне будзе палітычным. Прымем яго такім, якім яно будзе”.
Крыніца: Суд над Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам пачнецца 30 ліпеня