Зразумець, што такое дыскрымінацыя, немагчыма без разумення, што такое роўнасць і як гэтае паняцце звязанае з правамі чалавека. Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы” у прававым лікбезе ад “Вясны” раскрываем паняцці “дыскрымінацыя” і “роўнасць”.
Што такое роўнасць? Роўнасць можна разумець па-рознаму. Адны лічаць, што роўнасць – гэта справядлівае размеркаванне матэрыяльных дабротаў: усе павінны атрымаць роўную долю. Іншыя мяркуюць, што роўнасць – гэта забеспячэнне роўных магчымасцяў на пачатку жыцця (што, вядома, не гарантуе роўнасці ў далейшым). Але што б не ўкладалась у паняцце “роўнасць”, усе мы згодныя, што гэта нешта вельмі важнае, штосьці звязанае з паняццем “справядлівасць”. І, незалежна ад нашага пра яе ўяўлення, роўнасць перад законам, роўнасць у магчымасцях рэалізаваць свае правы – гэта адзін з краевугольных камянёў сучаснай канцэпцыі правоў чалавека. Забяры яго – і канцэпцыя зруйнуецца, як гэта адбылося з усімі папярэднімі спробамі абвясціць правы не для ўсіх, а толькі для прадстаўнікоў абраных груп. |
Як замацавана паняцце роўнасці у праве? Прынцып роўнасці замацаваны ва ўсіх асноўных міжнародных пагадненнях у галіне правоў чалавека і ў большасці дэмакратычных канстытуцый. Так, артыкулы 1 і 2 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека замацоўвае: А ў семым артыкуле Дэкларацыі адзначаецца, што ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону закона. У артыкуле 26 Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах да гэтай фармулёўкі дадаецца:
Паняцце роўнасці замацавана і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 22):
|
Што ж такое дыскрымінацыя? Дыскрымінацыя – гэта спроба аспрэчыць прынцып роўнасці. Дыскрымінацыя – гэта, найперш, рацыянальна не абгрунтаванае абмежаванне правоў і паўнамоцтваў чалавека праз прыналежнасць яго да пэўнай меншасці. Для ілюстрацыі гэтага вызначэння польскі праваабаронца Марэк Навіцкі прыводзіць вельмі дакладны прыклад: забарона невідушчым кіраваць аўтамабілем не будзе дыскрымінацыяй невідушчых, таму што такім чынам забяспечваецца бяспека іншых людзей. А вось забарона кіраваць аўтамабілем людзям з белымі валасамі або цёмнай скурай была б відавочнай дыскрымінацыяй, паколькі такое абмежаванне не мае ніякага рацыяальнага абгрунтавання. З іншага боку, дыскрымінацыяй таксама з’яўляецца і неабгрунтаванае роўнае стаўленне да суб’ектаў, відавочна няроўных па сваіх магчымасцях. Так, напрыклад, чалавек на інвалідным вазку не можа рэалізаваць большасць сваіх правоў праз архітэктурную недаступнасць большасці адміністрацыйных будынкаў. Для таго, каб лічыць выкананым ягонае права на адукацыю альбо на справядлівы суд, недастаткова проста не забараняць яму наведваць адпаведныя ўстановы – дзяржава павінна забяспечыць гэтага чалавека ўсім неабходным абсталяваннем і стварыць такое асяроддзе, якое выраўнуе магчымасці такога чалавека з іншымі людзьмі. |
Каго могуць дыскрымінаваць? Прадстаўнікі недзяржаўных грамадскіх арганізацый вызначаюць, што ў Беларусі часцей за ўсё дыскрымінуюцца ВІЧ-пазітыўныя людзі, прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці, мігранты, людзі з інваліднасцю ды інш. Актуальнай праблемай для Беларусі застаецца гендэрная дыскрымінацыя. Аднак, у той ці іншай меры дыскрымінаваць можна кожнага чалавека, калі ён ці яна трапляе ў катэгорыю “меншасці”. |
Што ж такое “большасць” і “меншасць”? Мы можам убачыць, што самі па сабе гэтыя катэгорыі вельмі адносныя. Па пэўных прыкметах кожы з нас можа аднесці сябе як да большасці, гэтак і да цэлага шэрагу меншасцяў – калі не па этнічнай прыналежнасці або рэлігіі, то ўжо дакладна па звычках, захапленнях, палітычных ці культурных перавагах, фізічных або псіхалагічных асаблівасцях і многіх іншых. Разуменне гэтага прымушае нас больш уважліва ставіцца да патрэбаў і інтарэсаў навакольных людзей. Але ў кожным разе пытанні правоў чалавека не вырашаюцца большасцю галасоў. Напрыклад, нельга выносіць на рэферэндум пытанне вяртання смяротнага пакарання альбо пазбаўлення ўсіх прадстаўнікоў пэўнай этнічнай супольнасці права галасаваць на выбарах – з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што большасць прагаласуе, не ўлічваючы інтарэсаў тых, хто панясе на сабе цяжар наступстваў такіх рашэнняў. Лічыцца, што ў дэмакратычным грамадстве большасць ажыццяўляе ўладу, а акурат ад самавольства ўлады годнасць чалавечай асобы абараняюць правы чалавека. І менавіта інтарэсы прадстаўнікоў меншасцяў, сфармуляваныя мовай правоў чалавека, абмяжоўваюць уладу большасці ў дэкраматычным грамадстве. |
І гэта працуе? На жаль, гісторыя паказвае, што людзі часта спрабуюць адмаўляць роўнасць і абмяжоўваць правы іншых людзей. У мінулым у многіх правах адмаўлялі рабам і прадстаўнікам ніжэйшых класаў, замежнікам. Дэкларацыя незалежнасці ЗША абвяшчала роўнасць усіх людзей у годнасці і правах, але кола “усіх людзей” было даволі абмежаваным: у яго не ўваходзілі жанчыны, дзеці, цемнаскурыя і нават італьянцы з ірландцамі. Спатрэбілася яшчэ больш за 100 гадоў жорсткай барацьбы для таго, каб цемнаскурыя амерыканцы былі вызваленыя ад рабства, і амаль 200 гадоў – для таго, каб пазбавіцца зневажальных законаў, якімі замацоўвалася дыскрымінацыя афраамерыканцаў. Гітлераўская Германія пазбавіла правоў людзей з фізічнымі недахопамі і псіхічнымі разладамі, гомасексуалаў, ромаў і габрэяў. Законы Савецкага Саюза дазвалялі знішчаць тых, хто быў не згодны з афіцыйнай ідэалогіяй. Такая сітуацыя застаецца ў Паўночнай Карэі.У некаторых тэакратычных краінах дагэтуль не прызнаюцца правы прадстаўнікоў недамінуючых канфесій, а за адступленне ад афіцыйнай рэлігіі чалавеку можа пагражаць смерць. |
І што рабіць, каб дасягнуць роўнасці кожнага і кожнай на практыцы? Роўнасць рэдка даецца ў падарунак. Ва ўсе часы людзі прыкладалі шмат намаганняў дзеля яе адстойвання. І не варта думаць, што замах на роўнасць – гэта нешта аддаленае ў часе і прасторы. Барацьба за яе і цяпер ідзе вакол нас, у нашай краіне, дзе прадстаўнікі шэрагу меншасцяў вымушаныя даказваць сваё права не пакутаваць ад дыскрымінацыі. Прыкладам таму можа быць акцыя ЛГБТ-актывісткі Вікі Біран, якая адрэагавала на гамафобны артыкул, размешчаны на сайте Міністэрства ўнутраных спраў, і сфатагравалася на фоне будынкаў КДБ, МУС і Дому Ураду з плакатам “Самі вы падробка”, за што была асуджаная на 15 базавых велічынь аднім з судоў Мінска. Або ініцыятыва Беларускага Хельсінкскага камітэта па стварэнню антыдыскрымінацыйнага закона, які б рэгуляваў на практыцы эфектыўныя механізмы рэалізацыі правоў кожнага чалавека. |
Чытайце таксама: пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасць, Прынцыпы правоў чалавека і Салідарнасць.
Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.
У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.
Крыніца: Кожны мае права: Недыскрымінацыя