У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска ў 10.30 пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць Вікі Біран з-за фотаздымка з плакатам каля Дому Ураду.
Гэта таксама паўторны разгляд справы па арт. 23.34 КаАП, дзяўчыну вінавацяць нібыта ў правядзенні “адзіночнага пікета”. Раней Таццяна Мотыль адправіла справу на дапрацоўку ў РУУС.
Гэтым разам да матэрыялаў справы дадаўся відэазапіс з камеры назірання, дзе было бачна, як Віка Біран сфатагравалася на фоне Дому Ураду на працягу пяці секунд. Аднак суд палічыў яе віну даказанай і аштрафаваў на 15 базавых велічынь.
Нагадаем, 16 ліпеня адбыўся разгляд аналагічнай справы ў судзе Цэнтральнага раёна г.Мінска. Тады суддзя Вікторыя Шабуня палічыла актывістку вінаватай у парушэнні правядзення масавага мерапрыемства - трохсекунднага фатаграфавання з плакатам каля будынку МУС, і аштрафавала яе на 15 базавых велічынь. Віка Біран збіраецца абскарджваць рашэнне суда. Тым часам на краудфандынгавай платформе "Талака" спачуваючыя ўжо назбіралі больш за 900 рублёў, каб пакрыць штраф актывісткі.
Як раней паведаміла Віка Біран на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, суды Маскоўскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёна г. Мінска адправілі на дапрацоўку ў адпаведныя РУУСы ўсе тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта за правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства - "адзіночнага пікета". Менавіта так былі ацэненныя супрацоўнікамі міліцыі фотаздымкі з плакатам "Самі вы падробка", якія актывістка зрабіла на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дому Ураду 24 траўня. Такім чынам Віка Біран выказала сваю нязгоду з артыкулам гамафобнага зместу пад назвай “Мы за сапраўднае”, які з'явіўся на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранных спраў і ў якім дзяржорган непрыязна выказваўся пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, што амбасада Велікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй – 17 траўня.
Крыніца: Маскоўскі суд таксама аштрафаваў Віку Біран на 15 базавых велічынь