Як паведамляе Радыё Рацыя, фігурант “справы прафсаюзаў” Ігар Комлік распавядае, што каторы месяц ужо не можа дабіцца пакарання для таго, хто паклёпнічаў на яго на розных сайтах.
Як вядома, на 30 ліпеня прызначаны судовы разгляд справы супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Ім прад’яўляюцца абвінавачанні ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Як лічыць следства, па віне сваіх лідараў прафсаюз РЭП не заплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму каля 23 тысяч рублёў.
Ігар Комлік: Справа расследуецца ўжо амаль год, але пры азнаямленні з матэрыяламі я бачыў, што з доказнай базай у следства былі пэўныя праблемы. А ўвогуле ў справе – 11 тамоў матэрыялаў, хаця ёсць інфармацыя, што працэс зацягваць не будуць. Як казаў адзін кінагерой, мой суд будзе хуткім, але несправядлівым. Што датычыцца асабіста мяне, то я даволі спакойна чакаю пачатку суда. Гэта не мы парушалі закон. Гэта ўлада стварыла такія ўмовы для незалежнага прафсаюза, каб можна было завесці крымінальную справу. А мяне больш цікавіць сёння іншае пытанне: чаму ў нашай краіне можна ўзвесці паклёп на чалавека, і вінаватых за гэта не знойдуць і не пакараюць?
РР: Маеце на ўвазе тыя паклёпніцкія артыкулы пра вас, якія з’явіліся на некаторых сайтах?
Ігар Комлік: Так, я ўжо больш за два месяцы дабіваюся, каб вінаватых знайшлі і прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. З канца траўня займаюся гэтым, але мне паведамілі з міліцыі, што няма падстаў для ўзбуджэння такой справы. Праверку быццам бы працягнулі, напэўна, чакаюць рашэння суда. Маўляў, не знайшлі дастаткова дадзеных пра тое, што на мяне паклёпнічалі. Але ж я ведаю, што там такіх дадзеных дастаткова. Наколькі вядома, нават аўтара артыкула не знайшлі, хаця не выключаю, што гэты “журналіст” мае пагоны, а таму яго ніхто і не шукае. Да таго ж, як стала вядома, рэдактар сайта, на якім быў надрукаваны паклёп, таксама раней працаваў у структуры МУС. Адным словам, для мяне ў гэтай сітуацыі ўсё зразумела. Такая вось у нас прававая дзяржава. У чужым воку саламінку бачаць, а ў сваім бервяно не заўважаюць. Дарэчы, на судзе я пра ўсе гэтыя факты буду распавядаць.