Супраўнікі Следчага камітэта з канфіскаванай тэхнікай каля офісу TUT.BY. Фота Уладзя Грыдзіна Вобшук у галоўным офісе TUT.BY па статусе на восем гадзін раніцы 8 жніўня скончаны, паведамляецца на сайце кампаніі. Цяпер Следчы камітэт яшчэ праводзіць ператрусы ў іншых падраздзяленнях кампаніі.

Увечары 7 жніўня некаторых з затрыманых журналістаў адпусцілі. Як паведамляе БАЖ, пасля допытаў у Следчым камітэце на волі апынуліся кіраўніца аддзелу «Грамадства» TUT.BY Ульяна Бабаед, рэдактар фінансавага аддзелу TUT.BY Дзмітрый Бобрык, генеральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, а таксама былая рэдактарка аддзелу «Грамадзтва» TUT.BY Яўгенія Беразюк.

Выпускаючага рэдактара БелаПАН Андрэя Сераду, які быў затрыманы пасля вобшуку на офісе БелаПАН, таксама вызвалілі пасля допыту ў СК.

Дагэтуль за кратамі застаюцца галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, выпускаючая рэдактарка TUT.BY Ганна Калтыгіна, рэдактарка TUT.BY Галіна Уласік і карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравенкова. Усіх журналістак падазраюць у “несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, здзейсненым з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды”, іх затрымалі на трое сутак і утрымліваюць у ІЧУ Мінска.

Вядома, што Таццяну Каравенкову дапытвалі ў следчым камітэце, прадаставіўшы ёй дзяжурнага адваката. Яна адмовілася даваць паказанні, бо ў яе ёсць дамова з іншым адвакатам, якога не дапусцілі да ўдзелу ў следчых дзеяннях. Таксама ёсць інфармацыя, што 8 жніўня ў мінскай кватэры журналісткі адбыўся вобшук. У доме яе бацькоў ператрус правялі раніцай 7 жніўня.

Дагэтуль невядомы статус і дакладнае месцазнаходжання рэдактаркі навукова-папулярнага аддзелу TUT.BY Ганны Ермачонак.

Раніцай 8 жніўня да сям’і журналістаў Паўлюка і Вольгі Быкоўскіх прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі Следчага камітэта. Пра гэта яны паведамілі на сваіх старонках у фэйсбуку.

Як пазней паведаміў журналіст вобшук ў яго кватэры правялі па «справе БелТА», але ён ужо шмат гадоў не цікавіўся стужкай навінаў БелТА і не мае ніякага дачынення да справы. Следчыя патлумачылі яму, што прыйшлі рабіць праверку па адрасе, а не да яго асабіста, і што маюць пастанову пракурора. Статусу падазраванага Быкоўскі на гэты момант не мае.

Цікава, што ўчора ў 15 гадзін Паўлюк Быкоўскі разам з юрыстам БАЖ Алегам Агеевым даваў ацэнку і выказваў меркаванне наконт узбуджанай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса супраць незалежных журналістаў.

Каля 10 гадзін раніцы RFRM напісаў, што іх карэспандэнт стаў сведкай затрымання журналіста Аляксея Жукава, які раней працаваў у газеце “Беларусы і рынак”. Яго разам з жонкай Арынай Семычкінай забралі з дому ў Бараўлянах супрацоўнікі СК.

Радыё Свабода паведамляе пра затрыманне па "справе БелТА" чатырох супрацоўнікаў партала Realt.by - трох журналістаў і галоўнага рэдактара Уладзіслава Кулецкага. Яны чакаюць допыту ў Следчым камітэце.

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» асудзіла ператрусы, праведзеныя 7 жніўня супрацоўнікамі Следчага камітэта ў офісах "вядучых незалежных СМІ» ў Мінску - інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала TUT.BY, што «паралізавала іх працу на некалькі гадзін».

Таксама ў абарону незалежных журналістаў выступіў з заявай Савет Еўропы. Ён заклікае «беларускія следчыя органы забяспечыць хуткае і празрыстае расследаванне».

«Мы таксама заклікаем вызваліць усіх арыштаваных журналістаў. Свабода сродкаў масавай інфармацыі з'яўляецца адным з найважнейшых правоў чалавека ў дэмакратычным грамадстве. Яго варта паважаць паўсюль у Еўропе», - гаворыцца ў паведамленні.

Беларуская асацыяцыя журналістаў і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з сумеснай заявай, у якой раскрытыкавалі празмерныя дзеянні праваахоўных органаў і заклікалі ўлады спыніць пераслед незалежных журналістаў. 

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі лічыць, што "ідзе мэтанакіраваная палітыка абмежавання інфармацыйнага поля ў Беларусі з тым, каб трымаць беларускіх грамадзян у атмасферы страху, няпэўнасці і дэзінфармацыі".

Крыніца: Вобшукі і затрыманні незалежных журналістаў па “справе БелТА” працягваюцца Дапоўнена