Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ўважліва сочыць за падзеямі вакол “справы прафсаюзаў”, часта наведвае судовыя паседжанні, дзе разглядаецца крымінальная справа лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Праваабаронца перакананы, што рашэнне суда Савецкага раёна Мінска, якое абвесцяць 24 жніўня, не будзе аб’ектыўным і справядлівым. Па ягоных словах, гэта “фактычна палітычная расправа над прафсаюзнымі лідэрамі.”
“Той вырак, які прапануе суду пракурор, пераўтварае Фядыніча і Комліка ў закілзаных коней, якія ходзяць з путамі на нагах. Бо што такое “хатняя хімія”? Гэта жорсткі рэжым, кантроль і назіранне за асуджанымі напрацягу ўсяго тэрміну. Такія ўмовы пазбаўляюць магчымасці праводзіць нармальную грамадскую працу, падтрымліваць кантакты са сваімі партнёрамі за мяжой і абмяжоўвае іх грамадскую актыўнасць”, адзначае праваабаронца.
Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні і да самога Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.
Крыніца: Бяляцкі пра “справу прафсаюзаў”: “Гэта палітычная расправа над прафсаюзнымі лідэрамі” Відэа