Пасля абвяшчэння прысуду Фядынічу і Комліку. Фота: ПЦ "Вясна". У судзе Маскоўскага раёна Мінска ў панядзелак адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых 24 жніўня ўдзельнікаў акцыі пратэсту каля Дома правасуддзя. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Актывісты такім чынам пратэставалі супраць вынясення абвінаваўчага прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, а таксама ў падтрымку незалежнага прафсаюза РЭП.

З 11 затрыманых у пятніцу і дастаўленых у РУУС Маскоўскага раёна пазней быў вызвалены толькі адзін пратэстовец. Гэта Алесь Абрамовіч з Барысава, які мае інваліднасць. Астатніх, а гэта 10 чалавек да суду даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Вядома, што на Маю Навумаву дадаткова да пратакола па арт. 23.34 КаАП складзены яшчэ і пратакол па 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Навумавай у РУУСе стала дрэнна і яна патрабавала хуткую дапамогу. Супрацоўнік міліцыі, якая апытвала актывістку і складала пратакол правапарушэння, адмовілася выклікаць хуткую, а калі Мая працягвала настойваць – атрымала другі артыкул. Пазней хуткую выклікалі, але ў шпіталізацыі ёй адмовілі.

На сябраў РЭП Тамару Зайцаву з Калінкавічаў і Паўла Мрочку з Берасця складзеныя пратаколы па ч.1 арт 23.34 КаАП (першае правапарушэнне цягам году, на астатніх па ч. 3 арт 23.34 КаАП.

Нагадаем,  пасля абвяшчэння прысуда па справе лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка каля будынку Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, грамадскія актывісты зладзілі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг прафсаюза РЭП і “Еўрапейскай Беларусі”.

Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад’ехаў чырвоны аўтобус з амапаўцамі, якія затрымалі актыўных пікетоўцаў. Па дадзеных ПЦ “Вясна”, 24 жніўня пасля суда па “справе прафсаюзаў” было затрымана 11 чалавек:

Алесь Абрамовіч (Барысаў);

Вольга Нікалайчык;

Леанід Кулакоў;

Мая Наумава;

Уладзімір Неўмяржыцкі;

Павел Мрочка (Брэст);

Аляксандр Чмыхаў (Бабруйск);

Максім Вінярскі;

Мікола Статкевіч;

Тамара Зайцава (Калінкавічы);

Андрэй Хрэнкоў.

Усе яны былі дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, а затым у ізалятар часовага ўтрымання, дзе ў правялі выходныя ў чаканні суда.

Крыніца: У панядзелак - суды за акцыю салідарнасці з прафсаюзам РЭП