Пасля абвяшчэння прысуду Фядынічу і Комліку. Фота: ПЦ "Вясна". Праваабарончы цэнтр "Вясна" праінфармаваў спецыяльных дакладчыкаў Савета па правах чалавека ААН пра пераслед грамадзянскіх актывістаў, якія правялі 24 жніўня акцыю салідарнасці з асуджанымі кіраўнікамі незалежнага прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам.

Адпаведнае паведамленне было накіравана спецдакладчыку па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвіду Кайе і спецдакладчыку па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцыі Клементу Ніалетсосі Вуле. У ім праваабаронцы дэталёва апісалі падзеі, якія адбыліся пасля абвяшчэння прысуду ў дачыненні да Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка – стыхійны мірны сход грамадзян каля будынку Дома правасуддзя, выказванне імі свайго меркавання і наступнае іх затрыманне, утрыманне да суда ў ІЧУ г. Мінска і прыцягненне да штрафаў за парушэнне правілаў арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў. Так, у агульнай складанасці 11 затрыманых актывістаў было асуджана рознымі суддзямі да штрафаў у суме роўнай 4 786 даляраў ЗША ў эквіваленце.

Аднак, як адзначаюць праваабаронцы, суды, якія аштрафавалі ўдзельнікаў стыхійнага мірнага сходу, не абгрунтоўвалі дапушчальных абмежаванняў вольнага выказвання меркавання і рэалізацыі права на мірныя сходы, устаноўленых у частцы 3 артыкула 19 і артыкуле 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і неабходных у дэмакратычным грамадстве , а менавіта якім чынам акцыя салідарнасці з кіраўнікамі прафсаюза несла пагрозу дзяржаўнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маралі насельніцтва.

Міжнародныя інстытуты па абароне правоў чалавека неаднаразова звярталі ўвагу беларускіх уладаў на неадпаведнасць Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” міжнародным стандартам у галіне мірных сходаў. Адным з пунктаў такой неадпаведнасці з'яўляецца адсутнасць прававога рэгулявання стыхійных сходаў у беларускім нацыянальным заканадаўстве.

У сваім паведамленні праваабаронцы "Вясны" просяць спецдакладчыкаў уступіць у камунікацыю з урадам Рэспублікі Беларусь і заклікаць беларускія ўлады спыніць пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці за свабоднае выказванне меркавання

Крыніца: Спецдакладчыкі праінфармаваныя пра пераслед актывістаў за акцыю салідарнасці з лідарамі РЭП