У памяшканні Прэс-клуба ў сераду, 5 верасня, адбылася грамадская дыскусія “Курапаты: праблемы на шляху мемарыялізацыі”, арганізаваная мастацкай суполкай “Пагоня” Cаюзу мастакоў Беларусі і грамадзянскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Мадэравалі мерапыемства Вінцук Вячорка і Валяціна Свяцкая.

Асноўнае пытанне, якое разглядалася, — адсутнасць узаемадзеяння грамадскасці і дзяржавы ў справе мемарыялізацыі месца массавых растрэлаў. На пачатку мерапрыемства спікер Вінцук Вячорка адзначыў, што задача дыскусіі не абмяркоўваць мастацкія вартасці прапанаваных праектаў, а вызначыць стратэгію, выпрацаваць агульны падыход да мемарыялізацыі Курапат. 

Выступоўца ад ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” Вацлаў Арэшка сцісла распавёў гісторыю ўшанавання месца масавых расстрэлаў у часы сталінізму, адзначыўшы недахоп інфармацыі наконт правядзення дзяржаўнага конкурса, бо непасрэдных кантактаў з прадстаўнікамі грамадскасці арганізатары конкурса не мелі, вядома толькі тое, што публікавалася ў СМІ.

Першым публічным аповядам аб трагедыі ўрочышча стаў артыкул "Курапаты - дарога смерці», надрукаваны ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» 3 чэрвеня 1988 году. 18 студзеня 1989 года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову № 42, якая прадугледжвала правядзенне адкрытага конкурсу на помнік ахвярам масавых рэпрэсій у Курапатах і яго ўстаноўку.

“Мемарыялізацыя пачалася даўно, – кажа Вацлаў Арэшка, - з устаноўкі крыжа “Пакутнікам Беларусі” у 1989 годзе, потым валуна, мэмарыяльнага знака “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, так званай “лава Клінтана” і соцен драўляных крыжоў. Менавіта дзякуючы грамадскасці Курапаты ўвогуле існуюць, дзякуючы грамадскасці былі зацверджаны ахоўныя межы”.

Першы конкурс на помнік быў праведзены ў 1993 годзе, камісія разгледзела больш за 50 прапановаў, але захавала вельмі мала матэрыялаў з таго часу.

У 2001 годзе Палата Прадстаўнікоў прагаласавала супраць уключэння ў бюджэт сродкаў на мемарыялізацыю Курапат.

У красавіку 2002 году 14 арганізацыі і выбітных дзеячоў падтрымалі ідэю стварэння на месцы расстрэлу ахвяраў палітычных рэпрэсій у Курапатах некропаля-крыжа з захаваннем усіх іншых памятных знакаў, што вельмі важна. Гэтая канцэпныя застаецца актуальнай і па сённяшні дзень. У 2003 годзе праект быў распрацаваны.

У лістападзе 2015 году ўпершыню ў Мінску прайшла выстава, прысвечаная Курапатам “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”.

У 2016 годзе праводзіцца новы творчы конкурс пад дэвізам “Праз Курапаты – да пакаяння”. Былі адабраныя 44 працы 38 аўтараў, большасць з іх дэманстравалася ў Палацы мастацтваў у лютым 2017 году падчас другой выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”. Вацлаў Арэшка падкрэсліў, што праведзены конкурс на ўшанаванне памяці з’яўляўся па-сутнасці конкурсам ідэяў, экскізаў, бо ў грамадскасці вельмі абмежаваныя магчымасцяў для рэалізацыі праекту.

Што тычыцца дзяржаўнага конкурса, абвешчанага ў сакавіку 2017 году, то пра яго вынікі стала вядома 11 чэрвеня, калі ў рэдакцыі «СБ» адбылася сустрэча групы па стварэнні памятнага знака ў Курапатах. Журы спынілася на трох праектах. Заказчыкам устаноўкі мемарыялу плануе выступіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

27 жніўня паведаміла БелТА, што пераможцамі эскізных праектаў памятнага знака “Курапаты” вызначаны аўтарскі калектыў скульптараў В.Нечай і Сяргей Аганаў , архітэктараў М. Маркаўцова і В. Ярмоліна.

img_20180905_132027.jpg
Сяргей Аганаў і Алесь Чахольскі

Дарэчы, Сяргей Аганаў прыняў удзел у сённяшнім абмеркаванні і высказаў свой падыход пры стварэнні праекта:

“Наша пазіцыя была катэгарычнай: ні адзін крыж не мусіць пацярпець пры ўсталяванні новага помніка, мы ставілі мэту мінімізаваць працы на ахоўнай тэрыторыі, таму імкнуліся канструкцыю помніка легкай”.

Меркаванне Марата Гаравога “Курапаты – гэта сімвал змагання супраць хлусні і гвалту, за волю свайго краю” было падтрымана амладысментамі.

Сярод выступоўцаў таксама Алесь Чахольскі, Павал Севярынец, Алена Анісім, Зінаіда Тарасевіч, Алесь Меляшкевіч, Зміцер Захарэвіч, Мікола Купава, Мазынкі, Станкевіч, Сяргей Гумілеўскі.

Гучалі наступныя прапановы: стварыць Грамадскую назіральную Раду (Купава), Курапаты – гэта імпульс да далейшага праўдзівага жыцця, адсюль найперш публікацыя спісаў ахвяраўі  іх рэабелітацыя (Анісім), патрабаванне прызнання беларускімі ўладамі массавых сталінскіх знішчэнняў злачынствам з мэтай пакаяння, а не прымірэння.

Усе падкрэслівалі вялікую праблему – адсутнасць шырокага грамадскага абмеркавання з-за адсутнасці ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі ўсіх ўзроўняў, у першую чаргу, з Міністэрствам культуры. На сённяшнюю дыскусію ніхто з запрошаных прадстаўніко дзяржорганаў не прыйшоў, як не атрымалі адказы на свае звароты Алена Анісім, Вацлаў Арэшка і іншыя грамадскія дзяечы.

Завяршэннем дыскусіі стала прапанова далучыцца да Рэзалюцыі, якая ў хуткім часе будзе размешчана ў інтэрнэце. Пункт № 1 – назва “ Народны мемарыял Курапаты”.

Крыніца: Народны мемарыял у Курапатах ёсць!