Куратар стрыт-арт-праекту Signal Алег Ларычаў паведаміў у адной з суполак у мэсэнджэры Telegram, што быў затрыманы міліцыяй разам зь сяброўкай Ганнай Новік, пры іх былі фарбы і трафарэты. Пра затрыманне паведамляе Радыё Свабода.
Паводле допісу, Ларычава затрымалі ў суботу, 3 чэрвеня, а цяпер вязуць у суд Кастрычніцкага раёну Менску. На тэлефанаваньні ён не адказвае. У чым абвінавачваюць Ларычава, невядома.
Алег Ларычаў раней адсядзеў 5 сутак за нібыта «маханьне рукамі і нецэнзурную лаянку», да таго Ларычава аштрафавалі на 1150 рублёў за дамалёўку калючага дроту на мурале «Масква-Менск». Ларычаў кажа, што адчуў на Акрэсьціна «асаблівае стаўленьне», зьвязвае гэта з тым, што старонка ягонага праекту Signal паведамляла ў сацсетках пра палітычныя графіці і аплікацыі ў Менску (хто іх рабіў, невядома). На пачатку красавіка Ларычаў быў зьбіты двума невядомымі, нападнікаў дагэтуль не знайшлі.