Высновы:
- на працягу месяца назіраўся працяг негатыўных тэндэнцый, якія сведчаць пра пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне;
- па стане на 31 траўня, праваабаронцам вядома пра 16 фігурантаў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ і МУС. Пры гэтым ім таксама было прад'яўлена дадатковае абвінавачанне па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Раней праваабаронцы заяўлялі пра палітычна матываваны характар дадзенай крымінальнай справы;
- у месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка, раней прызнаныя беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітычнымі вязнямі;
- у дачыненні да актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у г. Брэсце Паліны Шарэнда-Панасюк і Андрэя Шарэнды была распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Варта адзначыць, што праваабарончая супольнасць Беларусі настойвае на дэкрыміналізацыі дыфамацыйных правапарушэнняў і лічыць практыку крымінальнага пераследу за такія правапарушэнні не адпаведнай міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека;
- на працягу месяца назіраліся выпадкі пераследу журналістаў і праваабаронцаў;
- на працягу месяца ўлады працягвалі практыку прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку ў выглядзе арыштаў, за ўдзел у мірных сходах;
- 5 траўня праваабаронцам стала вядома аб прывядзенні ў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў дачыненні да раней асуджанага Гомельскім абласным судом да выключнай меры пакарання Сяргея Вострыкава.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
18 траўня ПЦ "Вясна" стала вядома аб вызваленні з СІЗА-1 кіраўніка бабруйскага клуба «Патрыёт» Мікалая Міхалькова. Ніякіх афіцыйных тлумачэнняў органа, які вядзе крымінальны працэс, аб працэсуальным статусе і падставах вызвалення М. Міхалькова не было.
22 траўня ПЦ "Вясна" стала вядома аб змене меры стрымання з утрымання пад вартай на хатні арышт у дачыненні да Яўгена Палтаржыцкага.
Такім чынам, па стане на 31 траўня праваабаронцам вядома пра 16 фігурантаў справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ і МУС. Усім ім (акрамя Сяргея Кунцэвіча) таксама былі прад'яўленыя дадатковыя абвінавачванні па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання).
Варта адзначыць закрыты для грамадскасці характар дадзенай крымінальнай справы. Нягледзячы на зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў у КДБ аб прадастаўленні афіцыйнай інфармацыі аб дадзенай крымінальнай справе, ніякая інфармацыі прадастаўлена не было. У той жа час міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў аб тым, што МЗС Беларусі інфармуе замежных дыпламатаў пра расследаванне гэтай справы.
Па узбуджанай у красавіку па факце вывешвання банэра ў г. Брэсце крымінальнай справе па ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) у якасці падазраваных былі прыцягнутыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк і яе муж Андрэй Шарэнда.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі настойваюць на дэкрыміналізацыі дыфамацыйных правапарушэнняў (арт. 368 КК у тым ліку), што з'яўляецца стандартам у галіне правоў чалавека, сфармуляваным і абгрунтаваным ў рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі адмяніць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, або, як мінімум, не пазбаўляць волі за ўчыненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед.
Парушэнне свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання
У траўні зафіксаваны выпадкі парушэння свабоды мірных сходаў.
Пасля акцыі пратэсту, якая прайшла 1 траўня ў Менску, затрыманыя палітык Павел Севярынец, які выступаў на мітынгу і ўзначальваў калону дэманстрантаў, а таксама актывіст Максім Вінярскі. На наступны дзень яны, а таксама Вячаслаў Сіўчык і актывіст Яўген Афнагель, былі пакараныя адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 15 сутак кожны. Некалькі удзельнікаў акцыі былі пакараныя штрафамі.
У Гомелі ў той жа дзень, 1 траўня, пасля мітынгу быў затрыманы намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, а некалькі грамадскіх актывістаў былі адвольна затрыманыя.
У Брэсце 1 траўня ўсіх людзей, якія трымалі чыстыя аркушы паперы, затрымалі міліцыянты. Акцыя праходзіла каля кінатэатра «Беларусь», яе анансавала абласная ініцыятыва «Свае людзі». Затрыманыя былі прынамсі чатыры чалавекі. Сярод іх Інга Абрамава, імёны трох пакуль невядомыя. Актывісты не выкрыквалі ніякіх лозунгаў, проста стаялі і трымалі чыстыя аркушы паперы, паведамляе «Радыё Свабода». Перад акцыяй у горадзе быў затрыманы адзін з яе ініцыятараў Аляксандр Кабанаў, а таксама блогер, журналіст Дзмітры Гарбуноў.
У Баранавічах у гэты час каля дзесяці актывістаў выйшлі на плошчу Леніна. Людзі планавалі ўзяць у рукі чыстыя аркушы паперы, але потым адмовіліся ад гэтай ідэі, баючыся затрыманняў. Адзін усё ж дастаў чысты аркуш і быў затрыманы міліцыяй. Грамадскіх актывістаў Мікалая Чарнавуса старэйшага, Мікалая Чарнавуса малодшага і Віталя Хітрыка ў гэты дзень ўтрымлівалі ў Баранавіцкім ГАУС.
У Магілёве па інфармацыі mspring.online, актывіста Рамана Мішчанку 3 траўня пакаралі арыштам на 15 сутак за заклік грамадзян у сацсетках прыйсці на несанкцыянаваную акцыю пратэсту 1 траўня. Суддзя Аксана Ратнікава пачала працэс да афіцыйнага адкрыцця суда пасля перапынку на абед. З-за гэтага працэс атрымаўся фактычна закрытым.
У сувязі з неаднаразовымі выпадкамі парушэння працэсуальных і канстытуцыйных правоў адміністрацыйна-арыштаваных удзельнікаў мірных сходаў, а таксама правоў іх абаронцаў-адвакатаў, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з заявай аб правядзенні адпаведнай праверкі і прыняцці мер рэагавання. У адказ з Генпракуратуры праваабаронцу прыйшла адпіска, якая не вырашыла зварот па сутнасці.
Не атрымалася дамагчыся судовай абароны парушаных правоў: суд Маскоўскага раёна г. Менска адмовіў актывісту БХД і аднаму з былых заяўнікаў акцыі пратэсту на Дзень Волі Дзянісу Садоўскаму ў яго скарзе на дзеянні менскіх уладаў напярэдадні 25 сакавіка. Садоўскі патрабаваў прызнаць парушэннем закона тое, што Менгарвыканкам не даў ва ўстаноўлены законам пяцідзённы тэрмін да акцыі адказ пра тое, ці дазволена яна.
У траўні былі разгледжаны скаргі партый (17 траўня — Аб'яднанай грамадзянскай, 19 траўня — БНФ і 24 траўня — Руху «За свабоду») на вынесеныя Міністэрствам юстыцыі папярэджанні. У задавальненні ўсіх скаргаў было адмоўлена; падставай для вынясення папярэджанняў, на думку Мінюста, стаў удзел сябраў названых аб'яднанняў у арганізацыі акцыі пратэсту 25 сакавіка.
Пераслед журналістаў
Шматлікія парушэнні правоў журналістаў у траўні былі звязаны, як правіла, з пераследам за супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам «Белсат».
Журналісткі Марына Драбышэўская і Ларыса Шчыракова, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», былі затрыманыя ў Гомелі пасля санкцыянаванага мітынгу 1 траўня. Падставы для затрымання ім не патлумачылі.
Гомельскага журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса 5 траўня пакаралі штрафам у 40 базавых велічынь (920 рублёў) па артыкуле 22.9 КаАП за «парушэнне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі». З пачатку цяперашняй вясны гэта быў шосты адміністрацыйны працэс у дачыненні да гомельскага фрылансера.
Жорсткае абыходжанне
Дэмакратычныя актывісты звярнуліся ў суд Савецкага раёна Гомеля са скаргай на бесчалавечныя ўмовы ўтрымання арыштаваных у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) УУС Гомельскага аблвыканкама. Грамадзяне, якія адбылі пакаранне за сакавіцкія акцыі пратэсту, скардзяцца на холад і скразнякі ў камерах, адсутнасць гарачай вады, нерэгулярныя прагулкі, антысанітарыю і немагчымасць памыцца ў душы. Аднак суд адмовіўся разглядаць гэтую скаргу ў сувязі з яе непадведамаснасцю суду.
Пра антысанітарыю ў камерах ІЧУ заявіў таксама магілёўскі актывіст Дзмітрый Люнтаў.
Менскі гарадскі суд 25 траўня не задаволіў касацыйную скаргу Міністэрства ўнутраных справаў на рашэнне суда Заводскага раёна г. Менска аб кампенсацыі шкоды Жанне і Ірыне Пцічкіным у сувязі з смерцю Ігара Пцічкіна ў СІЗА-1.
Менскі абласны аддзел Следчага камітэта прыняў рашэнне аб спыненні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць жыхара Мінска Алега Багданава ў Турме № 8 г. Жодзіна. Адпаведнае апавяшчэнне атрымала 12 траўня яго маці, Марына Георгіеўна Багданава.
У сувязі з распаўсюджанымі ў шэрагу СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў паведамленняў аб магчымым прымяненні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных відаў абыходжання з асобамі, якія ўтрымліваюцца ў якасці абвінавачаных па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і дзейнасці незаконнага ўзброенага фармаваньня ў СІЗА КДБ і МУС, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка. У звароце праваабаронца нагадвае, што свабода ад катаванняў мае абсалютны характар і не падлягае абмежаванням ні пры якіх умовах. Прымяненне катаванняў забаронена арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэрагам міжнародных актаў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь: Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 7) і Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ААН. Бяляцкі просіць правесці пракурорскую праверку ўказаных у СМІ і ў заяве звестак.
Умовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных за мірныя акцыі ў сакавіку 2017 года ў Менску былі прааналізаваныя ПЦ "Вясна" ў аналітычным аглядзе.
Смяротнае пакаранне
Прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава. Яго маці атрымала адпаведнае паведамленне з Гомельскага абласнога суда. Гэта першы пакараны смерцю ў 2017 годзе.
Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда мяркуе, што расстраляць Вострыкава маглі ў перыяд з 13 па 29 красавіка, паколькі апошні ліст з СІЗА № 1, дзе ўтрымліваўся асуджаны да вышэйшай меры, быў датаваны менавіта 13 красавіка, а абласны суд атрымаў паведамленне аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду 29-га. Акрамя гэтага, 5 траўня маці дазволілі сустрэцца з сынам у СІЗА. Гэта была іх апошняя сустрэча.
Нагадаем, Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра 19 траўня 2016 года. Сяргей Вострыкаў быў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства. Вярхоўны суд пакінуў смяротны прысуд у сіле.
У камеры смяротнікаў у СІЗА-1 г. Менска знаходзяцца яшчэ адзін прысуджаны да смяротнага пакарання — Кірыл Казачок; у СІЗА г. Гомеля — асуджаны да смяротнага пакарання Аляксей Міхаленя. Апеляцыйная скарга апошняга будзе разгледжана Калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня.
У сувязі з прывядзеннем у выкананне чарговага смяротнага прысуду, Еўрасаюз заявіў аб непрымальнасці гэтага віду пакарання пры любых абставінах і ў чарговы раз заклікаў улады Беларусі да ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнай кары.
З аналагічнай заявай выступіў Генсакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2017