Дзмітрый Паліенка. Фота "Радыё Свабода" Аляксандр Паліенка, бацька палітзняволенага Зміцера Паліенкі, 25 верасня збіраўся на доўгатэрміновае спатканне з сынам, але яго адмянілі.

“24 кастрычніка Зміцер павінен выйсці на волю, але зараз адбываюцца нейкія незразумелыя рэчы”, – распавёў Аляксандр Мікалаевіч сайту palitviazni.info.

 “Я павінен быў ехаць на спатканне яшчэ напачатку гэтага месяца, але падчас тэлефоннай размовы сын сказаў, што нешта там не складваецца, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — Таму было вырашана, што прыеду 25 верасня на доўгатэрміновае спатканне, акурат за месяц да вызвалення Змітра”.

Як высвятлілася пазней, гэтае спатканне таксама не адбудзецца, пра што паведаміла знаёмая Зміцера Паліенкі Марына Насенка.

“Зміцер павінен выходзіць 24 кастрычніка, – напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. – Да гэтага ў яго было запланавана спатканне з ягоным бацькам на 25 верасня. Але днямі адміністрацыя калонія зрабіла ў яго рэчах шмон: забралі ўсе лісты, паштоўкі і асадкі, лісты, якія ён хацеў дасылаць на днях сам, у тым ліку запісы з тэлефонамі родных”.

Са слоў Марыны Насенка, на падставе таго, што гэтыя рэчы “не адпавядаюць спісу”, яму адмянілі спатканне з бацькам. Суадносна Зміцер не зможа атрымаць і перадачу, якую яму сябры сабралі разам з бацькам.

“За месяц да вызвалення спрабуюць максімальна ціснуць на вязня ў межах “дазволенага”, пакуль ёсць магчымасць, — дадае Марына Насенка. – Мы лічам, грамадства не павінна ігнараваць такія выпадкі…”

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

Крыніца: Палітвязню Паліенку адмянілі спатканне з бацькам. Чаму?