У шведскім горадзе Мальмё адбылася штогадовая канферэнцыя журналістаў фрылансераў паўночных краін Nordic Freelance 2018. Удзельнікі канферэнцыі прынялі заяву ў падтрымку беларускіх калегаў з патрабаваннем да ўладаў Беларусі неадкладна спыніць пераслед незалежных журналістаў за іх прафесійную дзейнасць ды стварыць нармальныя прававыя ўмовы для працы.
Па інфармацыі Прэс-службы БАЖ, у штогадовай канферэнцыі Nordic Freelance ўдзельнічалі журналісты-фрылансеры са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі. Беларуская асацыяцыя журналістаў была запрошаная да ўдзелу як парнёр шведскай арганізацыі Frilans Syd. ГА “БАЖ” прадстаўлялі юрыстка Вольга Сяховіч і журналістка-фрылансер з Гомеля Ларыса Шчыракова.
Прадстаўнікі ГА “БАЖ” расказвалі пра сітуацыю з фрылансам у Беларусі: прававыя ўмовы для працы, статыстыку, якая адлюстроўвае стаўленне ўладаў да журналістаў-фрылансераў, ды пра асабісты досвед працы ў гэтай сферы.
Па словах Вольгі Сяховіч, адна з прысутных журналістак пасля гэтых выступаў заўважыла, што яна "ведала пра існаванне аўтарытарных уладаў у свеце. Але не думала, што яны могуць быць так блізка".
Вольга Сяховіч нагадала, што Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у рэйтынгу «Індэкс свабоды прэсы» па выніках 2018 года адвяла Беларусі 155-е месца са 180-ці. У той жа час Нарвегія і Швецыя займаюць у гэтым рэйтынгу першае і другое месцы адпаведна.
І, калі журналістаў-фрылансераў Швецыі ды Нарвегіі хвалююць пытанні заробкаў журналістаў, камунікацыі, узаемадачыненняў у грамадстве, то для беларускіх журналістаў паўстаюць пытанні магчымасці працаваць у прынцыпе.
Заява Nordic Freelance 2018
Пераслед фрылансераў у Беларусі нясе пагрозу і свабодзе слова і асабістаму жыццю журналістаў. Накладанне штрафаў на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя без акрэдытацыі, парушае міжнародныя законы аб свабодзе прэсы і права на доступ да інфармацыі.
У 2017-ым годзе беларускіх журналістаў аштрафавалі 69 разоў, і ў гэтым годзе ўжо было накладзена 76 штрафаў. Лічбы паказваюць пагаршэнне становішча журналістаў-фрылансераў у Беларусі. Судовы пераслед фрылансераў за супрацу са СМІ без акрэдытацыі ўзрос. Агульная сума штрафаў паводле арт. 22.9 Кодэкса аб адміністратыўных парушэннях склала ўжо звыш 25 тысяч эўра ў эквіваленце. Ад пачатку года адбылося больш за 76 судоў.
Мы, як арганізацыі фрылансераў у Скандынаўскіх краінах, моцна занепакоены наяўнай сітуацыяй фрылансераў у Беларусі.
Мы, удзельнікі Скандынаўскай канферэнцыі фрылансераў у Мальмё, Швецыя, заклікаем беларускія ўлады:
- не пераследаваць журналістаў за выкананне іх абавязкаў;
- неадкладна спыніць пераслед фрылансераў за іх прафесійную працу;
- дапоўніць беларускае заканадаўства, каб гарантаваць роўныя правы ўсім журналістам, згодна з міжнароднымі стандартамі і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі.
Падпісанты:
Frilans Riks, адгалінаванне фрылансераў “Шведскага саюза журналістаў”
SFJ, “Фінская асацыяцыя журналістаў-фрылансераў” у Фінляндыі
FAO, “Хартыя фрылансераў саюза тэле- і радыёжурналістаў” у Фінляндыі
NJ Frilans, у межах “Нарвежскага саюза журналістаў”
FrilansGruppen, у межах “Дацкага саюза журналістаў”
Крыніца: Журналісты з Паўночнай Еўропы заклікаюць спыніць пераслед фрылансераў ў Беларусі