Суд Мазырскага раёна не задаволіў скаргу блогера з Акцябрскага Андрэя Павука аб парушэнні ягонага права на атрыманне інфармацыі.
Яшчэ ў чэрвені Павук звярнуўся да кіраўніцтва Акцябрскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў з прапановай дазволіць яму прысутнічаць на адкрытых нарадах у райвыканкаме і на сесіях раённага Савета дэпутатаў. Чыноўнікі адказалі, што такога права Павук не мае і адмовілі яму ў просьбе.
Блогер палічыў што гэтай адмовай чыноўнікі парушылі ягонае канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, гарантаванае як міжнароднымі дамовамі, так і нацыянальным заканадаўствам. У прыватнасці ён спасылаўся на артыкул 23 Канстытуцыі і на арт 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Скаргі ў вышэйстаячую інстанцыю – Гомельскі абласны выканаўчы камітэт – таксама засталіся без задавальнення.
Суд, які адбыўся 17 і 18 верасня вынес рашэнне адмовіць Андрэю Павуку і ягонаму прадстаўніку Леаніду Судаленку ў задавальненні скаргі на рашэнні і дзеянні службовых асоб дзяржаўных органаў, спаслаўшыся пры гэтым на Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым упраўленні і самакіраванні” а таксама на Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”.
Андрэй Павук на сваёй старонцы ў фэйсбуку так пракаментаваў рашэнне суддзі суда Мазырскага раёна Дзмітрыя Мазая:
Суддзя Мазай зрабіў выснову, што маё права на атрыманне інфармацыі не парушана, бо я атрымліваю гэтую інфармацыю з раёнкі. Адказваю: мне не патрэбна скажоная інфа з газеты, мне патрэбна прамая інфармацыя, атрыманая падчас прысутнасці на адкрытых нарадах. Нагадваю, што рэгламент райвыканкама і райсавета не забараняе грамадзянам РБ прысутнічаць на такіх мерапрыемствах, а артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе атрыманне інфармацыі
Блогер не задаволены рашэннем суда Мазырскага раёна і мае намер абскардзіць яго ў вышэйстачай інстанцыі.
Крыніца: Андрэй Павук: Мне не патрэбна скажоная інфа з газеты, мне патрэбна прамая інфармацыя Дакумент