Мікола Качурэц. Фота vitebskspring.org Разгледзеўшы ў парадку нагляду скаргу віцебскага актывіста Міколы Качурца на рашэнне суддзі Ўладзімера Царыкава (суд Кастрычніцкага раёну Віцебску) ад 26 сакавіка 2018 году, старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак пастанавіў гэтае рашэнне скасаваць, паведамляе "Віцебская Вясна". Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да актывіста будзе накіраваная на новы разгляд.

Кіраўнік судовай улады вобласці адмяніў пастанову нt толькі раённага суду, але і абласнога – туды актывіст накіроўваў скаргу на рашэнне суду першай інстанцыі, якую суддзя Ірына Смалякова не задаволіла.

25 сакавіка 2018 году, каб адзначыць чарговую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Мікола Качурэц выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам да помніка князю Альгерду ў Віцебску. Яго затрымалі і змясцілі ў ІЧУ да суду, які адбыўся ў наступны дзень. Згодна з адмененым цяпер судовым рашэннем, актывіст быў прызнаны правапарушальнікам у адпаведнасці з артыкулам 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства) і артыкулам 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) КаАП ды пакараны штрафам у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Апроч таго, было пастаноўлена канфіскаваць бел-чырвона-белы сцяг.

Тлумачачы сваё рашэньне, Мікалай Хамічонак адзначыў, што «судовымі інстанцыямі не прыведзена ў судовых пастановах доказаў і не дадзена належнай ацэнкі, у чым палягала арганізацыя Качурцом незаконнага масавага мерапрыемства», таму «выснова суду аб даказанасці вінаватасці Качурца паводле ч. 2 арт. 23.34 каАП з'яўляецца заўчаснай», а значыць, «пастанова падлягае адмене цалкам».

Згодна з суправаджальным лістом, копія пастановы старшыні Віцебскага абласнога суду была накіраваная не толькі актывісту, але і ў Кастрычніцкі РАУС. Відаць, міліцыянты нешта не так напісалі ў складзеных супраць Качурца паперах, бо ў сваёй пастанове спадар Хамічонак асобна адзначыў: «Суду неабходна праверыць захаванне органам, якое вядзе адміністрацыйны працэс, патрабаванняў да зместу пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы кваліфікацыі ўчынку, які пацвярджаецца сабранымі па справе доказамі».

Хоць адміністрацыйнае спагнанне ў дачыненьні да актывіста адмененае, гэта не дае нагоды актывісту святкаваць перамогу. Мікола Качурэц прасіў старшыню аблсуду не толькі адмяніць рашэнне суду, але і спыніць справу супраць яго. Паколькі ж справа не спыненая, а толькі накіраваная на паўторны разгляд, зусім магчыма, што ён будзе нанова прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам. Таксама невядома, які лёс напаткае раней адабраны ў актывіста бел-чырвона-белы сцяг: ці яго вернуць актывісту, або зноў пастановяць канфіскаваць. 

Дарэчы, просьба аб спыненні справы – не адзіная, якую не задаволіў старшыня абласнога суду. Сваю скаргу Мікола напісаў на беларускай мове і прасіў Хамічонка вырабіць сваю пастанову таксама па-беларуску. Той гэтую просьбу праігнараваў.

Крыніца: Старшыня Віцебскага аблсуду адмяніў рашэнне аб пакаранні актывіста за Дзень Волі