Палітвязень Міхаіл Жамчужны практычна не пакідае сцены штрафнога ізалятара папраўчай калоніі №9 у Горках.
Як стала вядома праваабаронцам, да ранейшых спагнанняў ў выглядзе змяшчэння палітвязня ў ШІЗА дадаліся новыя: па 10 сутак яму вынеслі 30 жніўня і 10 верасня.Такім чынам, за апошнія тры месяцы Жамчужны 50 сутак адбыў у штрафным ізалятары. А калі лічыць агулам, дык практычна атрымліваецца 100 сутак ізалятару.
На такія змушаныя меры палітвязень вырашыў пайсці, каб пасля адбыцця 100 сутак ШІЗА кіраўніцтва калоніі адправіла яго ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Толькі там ён змог бы пазбегнуць прадузятага стаўлення і розных правакацый, якія ладзіліся ў дачыненні да яго з боку адміністрацыі і спецкантынгента.
Між тым, доўгае знаходжанне Жамчужнага ў неспрыяльных умовах штрафнога ізалятара занепакоіла турэмных медыкаў. На апошнім медычным аглядзе лекары вельмі старанна даследвалі стан ягонага здароўя: вымяралі ціск, тэмпературу, вагу, зрабілі кардыяграму, хаця скаргаў на здароўе Жамчужны не выказваў.
Знаходжанне ў ШІЗА паслужыла прычынай таго, што сябры і знаёмыя не атрымліваюць ад яго лістоў, бо ў ізалятар не перадаюць ніякай карэспандэнцыі. Магчыма лісты і паштоўкі яму аддадуць, калі ён выйдзе з ШІЗА. Міхаіл Жамчужны працягвае абскарджваць раней накладзеныя на яго спагнанні ва упраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці, а ў выпадку іх незадавальнення плануе звяртацца ў суд.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.
Крыніца: Палітвязень Жамчужны адбыў 100 сутак штрафнога ізалятару