Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Юля Сакалоўская Палітвязень Зміцер Паліенка працягвае адбываць пакаранне ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2.

Нагадаем, 7 красавіка суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, прысуджанага сацыяльнаму актывісту Змітру Паліенку судом Цэнтральнага раёна ў кастрычніку 2016 года. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў удзел Паліенкі ў мірнай акцыі – велапрабегу “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка мінулага года і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

Такім чынам, з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе, актывіст мусіць адбыць паўтары гады зняволення. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Змітра Паліенку палітычным зняволеным.

“Зміцер пераведзены ў атрад, але нічога асаблівага ў яго жыцці апошнім часам не адбываецца, – распавядае сайту palitviazni.info  праваабаронца “Вясны” Наста Лойка, якая атрымала ліст ад актывіста. – Як вядома, яму начапілі “бірку экстрэміста”, ён ходзіць на працу, але не чутна пра факты, каб адміністрацыя аказвала на яго нейкі спецыяльны ціск”.

Са слоў Насты Лойка, зараз беларускія праваабаронцы вядуць перамовы з “Міжнароднай амністыяй, каб Зміцер Паліенка быў прызнаны “вязнем сумлення”.

“Наданне гэтага статуса будзе азначаць, што пра справу палітвязня стануць пастаянна ўзгадваць на міжнародным узроўні. У такім выпадку пачынаецца міжнародная кампанія салідарнасці з вязнем, да якой могуць далучыцца мільёны людзей з усяго свету”, – адзначае праваабаронца.

Крыніца: Наста Лойка: “Міжнародная амністыя” можа прызнаць Зміцера Паліенку “вязнем сумлення”