МИрны сход у Курапатах 9 верасня. Фота: ПЦ "Вясна". «Лісты шчасця» па пошце атрымалі Дзяніс Івашын, Вольга Нікалайчык, Аляксей Марачкін, Валер Мазынскі, Віталь Рымашэўскі, Алена Талстая, Ганна Шапуцька, Таццяна Севярынец. Пра гэта  паведамляе "Новы Час".«За 9 верасня за масавы сход у Курапатах — адміністратыўны пратакол, Бараўлянскі РАУС», — напісала ў сваім фэйсбуку 25 верасня Вольга Нікалайчык. 

«Сябры, каму прыйшлі пратаколы за ўдзел ва ўзмоцненай Курапацкай варце 9.09.2018, паведамляйце ў каментарах, — звярнулася да сваіх падпісантаў 26 верасня Ганна Шапуцька. — Пакуль мы ведаем, што пратаколы(калі гэтыя паперкі так можна назваць) па пошце атрымалі Івашын Дзяніс, Нікалайчык Вольга, Марачкін Аляксей, Мазынскі Валер, Рымашэўскі Віталь, Талстая Алена, Шапуцька Ганна...»

Удакладняецца, што ўдзельнікаў сходу хочуць прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).  Нагадаем, 9 верасня ў Курапатах прайшоў  мірны сход, удзельнікі якога выказалі свой пратэст супраць працы рэстарана «Поедем, поедим», збіралі подпісы за яго закрыццё і запісваліся на варту. За кратамі на той час заставаліся абаронцы Курапатаў Павел Севярынец, Максім Вінярскі і Дзяніс Урбановіч, якога павінны былі выпусціць 8 верасня, але пакінулі за кратамі да новага суда ў панядзелак, 10-га.

Крыніца: Абаронцам Курапатаў прыходзяць пратаколы за ўдзел у акцыі 9 верасня