Канстанцін Астапук. Фото: ПЦ "Вясна" У судзе Ленінскага раёна Берасця 8 кастрычніка адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых у нядзелю ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін паведамляе, што прыкладна ў 15 гадзін будуць разглядацца справы Таццяны Фесікавай і Юліі Зубік. Іх вінавацяць у парушэнні ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Таксама ў панядзелак суд чакаецца над Андрэем Астапчуком. Падставай для затрымання дзяўчат сталі налепкі на вопратцы супраць будаўніцтва завода.

Нагадаем, на плошчы Леніна ў Берасці, дзе па выходных збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, 7 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі пяць чалавек. Па інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, спачатку затрымалі Зміцера Андрасюка, Андрэя Астапчука і Уладзіміра Мароза. Пазней, а 12.40, міліцыянты падышлі да Таццяны Фесікавай, лекаркі-неўролага, звольненай за выступ на мітынгу супраць будовы завода, і Юліі Зубік. Пасля складання пратаколаў усіх затрыманых адпусцілі, акрамя Андрэя Астапчука, якога пакінулі да суда ў ізалятары часовага ўтрымання.

Але, як паведаміў Канстанцін Астапук, цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі. Праваабаронцы наведалі Канстанціна ў прыемным аддзяленні. Апынулася, што актывіста даставілі ў шпіталь з болямі ў жываце і пакінулі на абследаванне. Перад пасадкай у хуткую дапамогу Канстанціну ўручылі позву ў суд за парушэнне арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы). Позва выпісана на 10 кастрычніка 9.30.

Канстанцін Астапук не згодны з позвай: "Якое непадпарадкаванне , я проста трымаўся за поручні, калі мне стала кепска". Ён перакананы, што гэта абвінавачванне, помста за ўдзел у акцыі супраць завода АКБ.

Нагадаем за ўдзел у акцыі 30 верасня Астапука пакаралі 3 базавымі нібыта за парушэнне правілаў дарожнага руху, 14 базавымі за 23.34-1, і зараз за "непадпарадкаванне".

Крыніца: Наступствы берасцейскай акцыі: траіх актывістаў чакаюць суды, адзін — у шпіталі