У Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання ў Мінску ў літоўскай амбасадзе адбыўся перформанс мастачкі Таццяны Тур. Акрамя гэтага была адкрыта выстава “Кожны мае права ведаць свае правы”, якую падрыхтавалі праваабаронцы “Вясны” Андрэй Палуда і Паліна Сцепаненка. Гэтым завяршыўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання, які традыцыйна праходзіць у Беларусі з 5 па 10 кастрычніка. Перформанс распавядаў аб пакутах родных і блізкіх асуджаных да смяротнага пакарання.
“Дзякуючы перформансу Таццяны Тур, мы хоць крыху змаглі прачуць тыя эмоцыі блізкіх і родных асуджаных да смяротнага пакарання. Мы змаглі паглядзець на гэтую прблему не з пункта гледжання злачынцаў, злачынстваў, а з другога боку. Смяротнае пакаранне-гэта шматграннае паняцце. Хоць мы завяршаем Тыдзень супраць смяротнага пакарання, але не завяршаем наша змаганне!”, - адзначыў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.
Перформанс паказаў толькі адну гісторыю жанчыну, але ён увасабляе гісторыі дзесяткаў, і нават сотняй, беларускіх сем'яў. Каля жанчыны вісіць турэмная роба, дзе на спіне напісана «ИМН» - выключная мера пакарання. Калі яна атрымала гэтую форму, значыць яе сына ўжо няма сярод жывых: "прысуд выкананы"... Сама яна размясцілася на кучы заяў і скаргаў з просьбамі захаваць жыццё яе сыну. Але цяпер гэта ўжо не мае ніякага значэння...
Афіцыйная прадстаўніца Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын таксама звярнула ўвагу на тое, што смяротнае пакаранне, куды больш шырокае паняцце:
“Сем’і – гэта таксама ахвяры. Яны жывуць у няведанні, ці жывыя іх сваякі. Такія выставы і відовішчы вельмі важныя. Можна разважаць вельмі абстрактна. Але калі праблему смяротнага пакарання паказваюць з такога пункту гледжання, то гэта можа змяніць стаўленне да яе. Мы не будзем здавацца, мы будзем змагацца!"
- Афіцыйная прадстаўніца Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын і Амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас
Амбасадор Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас адзначыў: “За апошнія 20 гадоў у Беларусі было расстраляна каля 400 чалавек. Гэта цяжка зразумець, гэта цяжка прыняць. І пакуль тут будзе такое, мы не супакоемся!”
Акрамя гэтага у Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання ў літоўскай амбасадзе была адкрыта выстава “Кожны мае права ведаць свае правы”.
“Правы чалавека і смяротнае пакаранне – гэта рэчы, якія нельга дзяліць. Права на жыццё знаходзіцца ў каталоге правоў чалавека, і і належыць да правоў першага пакалення”, - падкрэсліў Андрэй Палуда.
- Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, праваабаронца Паліна Сцепаненка і спявачка Кася Камоцкая
Укладальніца выставы Паліна Сцепаненка адзначыла, што актывісты кампаніі супраць смяротнага пакарання маюць шмат перашкодаў у сваёй дзейнасці. Нават псіхалагічна цяжка, бо шмат хто не разумее, чаму яны гэта робяць, і кажуць, што яны абараняюць забойцаў. “Мы абараняем не забойцу, мы абараняем правы чалавека”, - кажа Паліна Сцепаненка.
Валантэры Валантэрскай службы ПЦ “Вясна” правялі экскурсію, а таксама выступілі экспертамі па пэўных групах правоў чалавека, распавядаючы прысутным сутнасць і эвалюцыю правоў чалавека.
- Валантэры Валантэрскай службы ПЦ "Вясна" і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда
Праваабаронцы "Вясны" адзначаюць, што хоць Тыдзень супраць смяротнага пакарання скончыўся, але кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" працягвае сваю дзейнасць.
Крыніца: Палуда: “Мы завяршаем Тыдзень супраць смяротнага пакарання, але не спыняем наша змаганне” Фота Аўдыё