“Важна, каб нашы прадстаўнікі судовых і праваахоўных органаў, адвакатуры разумелі сутнасць правоў чалавека” Барыс Звозскаў, беларускі праваабаронца, першы прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні
Існуе некалькі важных канцэпцый, якія не звязаныя з правамі чалавека непасрэдна, але з’яўляюцца своеасаблівым “пажыўным асяроддзем”, наяўнасць якога дазваляе найбольш поўна рэалізаваць правы і свабоды на практыцы. Сярод такіх канцэпцый найважнейшымі з’яўляюцца дэмакратыя, прававая дзяржава і вяршэнства права.
Пра гэтыя паняцці і сувязь іх з правамі чалавека распавядаем ў чарговым прававым лікбезе ад “Вясны”, па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”.
Што можа стрымліваць самавольства дзяржаўнай улады ў дачыненні да чалавека? Відавочна, што мы не зможам рэалізаваць свае правы і свабоды ў грамадстве, дзе прадстаўнікам улады дазволена рабіць усё, што ім захочацца. Прававая дзяржава і вяршэнства права і з’яўляюцца тымі прынцыпамі, якія закліканыя мінімізаваць самавольства дзяржаўнай улады. |
Што ж такое прававая дзяржава? Вельмі простае і дакладнае вызначэнне прававой дзяржавы даў польскі праваабаронца Марэк Навіцкі: Прававая дзяржава – гэта дзяржава, дзе існуюць выразныя, зразумелыя для ўсіх правілы гульні, якія выконваюцца ўсімі; дзе кожны і кожная могуць з вялікай доляй верагоднасці прадбачыць наступствы сваіх учынкаў. Гэтакімі ж прадказальнымі ў прававой дзяржаве павінны быць і дзеянні ўсіх суб’ектаў уладных паўнамоцтваў. |
Якім чынам “дасягаецца” прававая дзяржава? Дзеля дасягнення гэтых мэтаў улада ў прававой дзяржаве падзеленая на заканадаўчую, выканаўчую і судовую – гэта робіцца дзеля недапушчэння ўзурпацыі ўлады адной асобай, органам або сацыяльнай групай. Яшчэ адной важнай прыкметай прававой дзяржавы з’яўляецца наяўнасць грамадскай дамовы – канстытуцыі, а таксама ўпаўнаважанага і незалежнага органа, які назірае за выкананнем палажэнняў канстытуцыі ўсімі галінамі ўлады і за адпаведнасцю дзеючых законаў канстытуцыйным нормам. Такім органам у большасці дэмакратычных краін з’яўляецца Канстытуцыйны Суд. |
Як вырашаюцца спрэчкі ў прававой дзяржаве? Прававая дзяржава прадугледжвае ўзаемную адказнасць чалавека і ўлады. Чалавек бярэ на сябе абавязацельствы выконваць законы, але і дзяржава абавязваецца якасна прадастаўляць кожнаму з нас усе неабходныя “кіраўніцкія паслугі” і ствараць умовы для рэалізацыі гарантаваных кожнаму чалавеку правоў і свабодаў. А ўсе спрэчкі паміж людзьмі, а таксама паміж чалавекам і дзяржаўнай уладай у прававой дзяржаве вырашае незалежны арбітр – суд. Прававая дзяржава азначае, што ўсе мы гуляем паводле правілаў, і гуляем сумленна. Калі хто-небудзь з гульцоў пастаянна парушае правілы і не хоча прызнаваць сваіх парушэнняў, гульня губляе сэнс. А гэта значыць, што для захавання гульні патрэбны ўзаемны кантроль – дзяржава павінна сачыць за тым, каб людзі не парушылі вызначаных правіл, але яшчэ важней, каб грамадства пільна сачыла за дзеяннямі ўлады і рэагавала ў кожным выпадку, калі прадстаўнікі ўлады парушаюць закон і перавышаюць прадастаўленныя ім паўнамоцтвы. Для ажыццяўлення гэтага кантролю ў прававой дзяржаве ствараюцца адпаведныя інстытуты і працэдуры. |
Што такое прынцып вяршэнства права? Калі кажуць пра прынцып вяршэнства права, маюць на ўвазе тое, што адносіны паміж людзьмі і адносіны паміж чалавекам і дзяржавай рэгламентуюцца выключна сістэмай права – канстытуцыяй і законамі. І ніводзін чыноўнік, ніводзін дзяржаўны орган, акрамя вышэйшага заканадаўчага (у нашай краіне такую функцыю выконвае Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь), не можа адмяняць або адвольна ўносіць змены ў гэтыя афіцыйна вызначаныя правілы. Прынцып вяршэнства закона ўстанаўлівае іерархію норм права і кажа пра тое, што ніводзін падзаконны акт (загад, распараджэнне, інструкцыя і да т.п.) не можа супярэчыць прававым актам больш высокага парадку – канстытуцыі і законам, прынятых парламентам. |
Што ж такое дэмакратыя? Варта сказаць яшчэ некалькі словаў пра дэмакратыю – канцэпцыю, якая таксама апасродкавана, але даволі шчыльна звязаная з канцэпцыяй правоў чалавека. Гаворачы пра дэмакратыю, мы маем на ўвазе грамадства, дзе ўладу ў інтарэсах народа ажыццяўляюць яго прадстаўнікі, абраныя паводле вызначаных працэдураў. Лічыцца, што такі дзяржаўны лад дае кожнаму і з нас больш магчымасцяў браць удзел у кіраванні агульнымі рэсурсамі, уплываць на прыняцце рашэнняў, ад якіх залежаць нашыя сучаснасць і будучыня. Гісторыя паказвае нам, што ўлада большасці таксама можа быць бесчалавечна жорсткай. Рашэннем большасці быў адпраўлены на смерць грэцкі філоваф Сакрат, менавіта большасць прывяла да ўлады ў Германіі Адольфа Гітлера. Такім чынам, дэмакратыя сама па сабе таксама яшчэ не з’яўляецца гарантыяй захавання правоў чалавека. Але, з іншага боку, цяжка прывесці прыклады аўтарытарных, таталітарных ці тэакратычных дзяржаваў, дзе б узровень выканання правоў чалавека быў бы вышэйшы за дэмакратычныя краіны. З існуючых сёння формаў праўлення менавіта дэмакратыя дае нам найбольш магчымасцяў для рэалізацыі і аброны сваіх правоў і свабодаў. Сучаснае ўяўленне пра дэмакратыю таксама зведала істотныя змены. Сёння, кажучы пра дэмакратыю, мы ўжо не гаворым толькі аб прыняцці рашэнняў большасцю галасоў. Мы разумеем, што, гэтак жа, як і любая іншая ўлада, улада большасці павінна быць абмежаваная. |
Ці гарантуе ўсё гэта выкананне правоў чалавека? Увасабленне гэтых канцэпцый само па сабе яшчэ не з’яўляецца гарантыяй выконвання правоў чалавека. Бо гітлераўскую Германію з пэўным абагульненнем можна назваць прававой дзяржавай, дзе дзейнічалі выразныя прававыя нормы і самавольства чыноўнікаў было зведзенае да мінімуму. Але на падставе прынятых у гэтай краіне законаў было закатавана і забіта некалькі мільёнаў чалавек. Таму пасля Другой сусветнай вайны канцэпцыя прававой дзяржавы была дапоўненая яшчэ адным важным складнікам – неабходнасцю выканання правоў чалавека з боку дзяржаўнай улады. Убачыўшы зверствы нацыстаў, чалавецтва прыйшло да высноваў, што недастаткова проста наяўнасці законаў, якія рэгулююць узаемаадносіны людзей і ўлады. Гэтыя законы павінны яшчэ і быць гуманнымі ды абараняць той мінімальны пералік агульнапрызнаных каштоўнасцяў і патрэбаў людзей, якія мы цяпер называем правамі чалавека. |
Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасць, Прынцыпы правоў чалавека, Салідарнасць, Недыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццё і Смяротнае пакаранне ў Беларусі.
Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.
У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.
Крыніца: Кожны мае права: Вяршэнства права