Светлагорскі завод беленай цэлюлозы. Фота "Радыё Свабода" Міністэрства прыродных рэсурсаў адказала на зварот жыхароў Светлагорску наконт шкодных выкідаў з заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы. Як вынікае з дакументу, «смуродныя пахі» з прадпрыемства не прадугледжваліся праектам. Будзе новая экалагічная экспертыза, паведамляе "Радыё Свабода". 

Міністэрства абяцае ў выпадку парушэння заканадаўства «прыняць меры».

Згодна з праектам, які прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу, усе «смуродныя пахі» (метылмеркаптан і іншыя) павінны абясшкоджвацца без выкіду ў паветра.

«У сувязі з гэтым праектам не былі вызначаныя аб’ёмы выкідаў метылмеркаптанаў, а таксама не планаваўся кантроль гэтых выкідаў», — тлумачыць Мінпрыроды.

Але пры пусканаладачных працах пачаліся выкіды. Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат і кітайская карпарацыя, якія збудавалі завод, «рэалізавалі дадатковыя мерапрыемствы, якія забяспечваюць зніжэнне выкідаў метылмеркаптанаў».

Праектную дакумэнтацыю адкарэктавалі. 25 верасня яна паступіла на новую экалагічную экспертызу. Ступень уздзеяння заводу на вакольнае асяроддзе з улікам выкідаў меркаптанаў будзе ацэненая паўторна.

Цяпер Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя закупляе адпаведнае абсталяванне і распрацоўвае методыкі вымярэння шкодных рэчываў. Такую ж працу праводзіць і цэлюлёзна-кардонны камбінат.

«З адказу вынікае, што завод нас абсалютна незаконна труціў. На пачатку будоўлі не было інфармацыі, што пуск заводу пацягне за сабой смурод, шкодныя выкіды. Значыць, цэлюлозна-кардонны камбінат і канцэрн не былі падрыхтаваныя, каб фіксаваць гэтыя „смуродныя пахі“, якія праектам не прадугледжаныя? Чыя гэта памылка? Гэта нядбайнасць ці злачынства?» — сказала Свабодзе праваабаронца, сябра ініцыятыўнай групы па сітуацыі з кітайскім заводам Алена Маслюкова.

Ініцыятыўная група плануе падаць пазоў супраць цэлюлёзна-кардоннага камбінату і канцэрну. Актывісты маюць пытанні і да міністэрства: чаму яно не рэагавала, калі ў 2017 годзе ва ўсе інстанцыі ішлі скаргі на шкодныя выкіды?

Крыніца: Праект светлагорскага заводу беленай цэлюлозы пройдзе новую экалагічную экспертызу