16 кастрычніка падчас будаўнічых работ у Курапатах была затрымана журналістка-фрылансерка Вольга Чайчыц.
Момант затрымання патрапіў на стрым "Радыё Свабода". Падрабязнасці высвятляюцца.
Сама журналістка паведаміла ў сваім Facebook, што яе вязуць у Бараўлянскі аддзел міліцыі.
Нагадаем, што з пачатку 2018 года Вольга Чайчыц была аштрафаваная за супрацу з тэлеканалам "Белсат" (па ч. 2. арт. 22.9 КаАП) ажно 12 разоў.
— Падставай затрымання быў учорашні сюжэт пра падзеі ва ўрочышчы Курапаты. Сёння я прыехала ў Курапаты зноў, да мяне падышлі міліцыянты і затрымалі нібыта для складання пратакола, — распавяла Вольга Чайчыц прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Пасля гэтага журналістку завезлі ў аддзяленне міліцыі Мінскага раёна ў Бараўлянах, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў і склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта парушэнне заканадаўства аб СМІ.
— Я спрабавала здымаць на тэлефон, але супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Смык выбіў яго з маіх рук і забраў. З тэлефона выдалілі ўсё знятае відэа, а праз амаль тры гадзіны пасля затрымання іншы міліцыянт — Сяргей Кніга — склаў пратакол за тое, што я, нібыта, працую для “Белсата” без акрэдытацыі.
Цікава, міліцыянты чамусьці ведалі, што я сёння зноў прыеду ў Курапаты, і нават мелі на дыску сюжэт, які ўчора выйшаў у эфір на “Белсаце”, — расказала Вольга Чайчыц.
Затрыманую ў Курапатах журналістку Вольгу Чайчыц адпусцілі праз тры гадзіны
Крыніца: Затрыманую ў Курапатах журналістку Вольгу Чайчыц адпусцілі праз тры гадзіны Відэа Дапоўнена