Суд Ленінскага раёна Берасця працягвае караць ўдзельнікаў мірнага сходу грамадзян, які адбыўся 14 кастрычніка. Па звестках праваабаронцаў, штрафы і арышты за ўдзел у акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем атрымалі 12 чалавек.
У пятніцу ў ізалятар часовага ўтрымання былі змешчаныя яшчэ чацвёра праціўнікаў шкоднай вытворчасці. Гэта Валерый Фамінскі, Дзямян Лепясевіч, Алесь Аблака і Андрэй Шарэнда. Сёння іх чакаюць суды за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Суд над праваабаронцам Раманам Кісляком прызначаны на 24 кастрычніка.
Такім чынам, колькасць пакараных за ўдел у мітынгу 14 кастрычніка можа скласці 17 чалавек.
Усяго 14 кастрычніка, пад час мітынгу і перад яго пачаткам, супрацоўнікі міліцыі затрымалі 16 чалавек. Траіх непаўнагадовых пазней адпусцілі з бацькамі, на астатніх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 9 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, траіх – Міколу Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пакаралі арыштам на 5 сутак. Усе яны пасля арышту выйшлі на волю.
Тым не меней, пасля шматлікіх затрыманняў, судоў і арыштаў, людзей, якія выйшлі на плошчу Леніна пакарміць галубоў, у нядзелю прыйшло болей за 120 чалавек. “Кармленне галубоў” – акцыі пратэсту жыхароў Берасцейшчыны супраць будаўніцтва ў рэгіёне заводу па вырабе акумулятарных батарэй.
Крыніца: Новы тыдзень у Берасці пачынаецца з судоў (табліца)