Журналіст-фрылансер з Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў атрымаў па пошце адміністрацыйны пратакол, складзены ўчастковым інспектарам райаддзела міліцыі Аляксеем Цімошчанкам на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.
" У пратаколе сцвярджаецца, што 13 верасня я знаходзіўся каля дома № 24 па вуліцы Калініна ў Рэчыцы і зняў пры гэтым відэасюжэт. Такім чынам нібыта і здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 22.9 КаАП. Якое канкрэтна — не напісана”, — распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў.
Журналіст-фрылансер дадае, што ў пазначанай частцы артыкула ўтрымліваецца ажно чатыры віды парушэнняў: невыкананне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных экзэмпляраў перыядычных выданняў, распаўсюд эратычных выданняў, неналежная публікацыя СМІ абвяржэння, а таксама незаконны выраб і (альбо) распаўсюд прадукцыі СМІ. Калі пратакол міліцыя ўсё ж такі накіруе ў суд, то апошняму давядзецца высвятляць, што незаконнага зрабіў журналіст, што яго трэба пакараць штрафам ад 20 да 50 базавых велічыняў, як прадугледжвае норма згаданага артыкула.
Раней Мядзведзеў адмовіўся даваць нейкія тлумачэнні ўчастковаму інспектару Цімошчанку з прычыны абсурднасці прэтэнзій.
“Калі я ў кадры разам з героем чытаю афіцыйныя паперы, — разважае Мядзведзеў, — значыць, нехта нас здымае іншы. Думаю, мяне запалохваюць прывентыўна, каб і не думаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, а тым больш пра дзеянні ўладных структураў”.
У сюжэце, размешчаным 13 верасня са сайце “Белсата” пад назвай “Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”, гаворка ішла пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога міліцыя аднавіла закрытую паўгады таму крымінальную справу нібыта за махлярства з тэлефонамі.
Крыніца: Рэчыца: пратакол за тое, што журналіст патрапіў у кадр “Белсата”