У Глыбоцкім раённым судзе працягваецца разгляд крымінальнай справы аб незаконнай міграцыі. Адзін з абвінавачаных па справе - брытанскі падданы Алан Сміт.
Як паведамляе “Віцебская Вясна”, за восем месяцаў знаходжаньня за кратамі ў Беларусі Алан Сміт упершыню змог зрабіць заяву. Праз перакладчыка. Заява ў Глыбоцкім райсудзе зацягнулася амаль на ўвесь дзень судовага разбору ў чацьвер, 8 чэрвеня. Сміт адзначыў грубыя парушэньні беларускім сьледзтвам яго права на юрыдычную абарону і заявіў пра сваю невінаватасьць.
Судовы разбор крымінальнай справы пра арганізацыю незаконнай міграцыі працягваецца ў судзе гораду Глыбокае з 25 траўня. І, нарэшце, 8 чэрвеня 2017 году ў судзе далі магчымасьць грамадзяніну Вялікай Брытаніі Алану Сміту свабодна, праз прафэсійнага перакладчыка растлумачыць сваю вэрсію падзеяў верасьня 2016 году.
Перад сваім выступам Алан сказаў, што 253 дні яму не давалі магчымасьці выказацца. Ён заявіў, што падчас яго затрыманьня яму ня быў дадзены адвакат. Першапачатковае апытаньне сьледчым праводзілася без прафэсійнага перакладчыка і ў адсутнасьць адваката. Таму пратакол апытаньня складзены з памылкамі – у ім прысутнічаюць сьцьверджаньні, якіх Алан не казаў, а сэнс шматлікіх яго выказваньняў скажоны.
На пачатку сваёй прамовы Алан Сміт распавёў, якім бізнэсам ён займаецца, і чаму прыехаў у Беларусь 1 верасьня 2016 году. Сам Алан – родам з Курдыстану (аўтаномія ў Іраку), пражывае ў Лёндане. Ён мае кампанію, якая займаецца наладжваньнем бізнэс-сувязяў курдзкіх і эўрапейскіх бізнэсоўцаў, што зарэгістраваная ў Польшчы. А яшчэ ён займаецца будаўнічым бізнэсам у нафтавай галіне.
Паводле Алана, у Беларусі ён апынуўся ўпершыню. На просьбу курдзкага бізнэсу – дзеля арганізацыі закупак сельскагаспадарчага абсталяваньня. А таксама адначасова, на просьбу сябра, дапамагаў грамадзянцы Курдыстану з інваліднасьцю знайсьці шпіталь і лекараў для яе лекаваньня. Ніхто з апытаных сьведкаў не называў яго арганізатарам незаконнай міграцыі.
Алан не адмаўляў, што дапамагаў грамадзянцы Курдыстану законна афармляць дазвол на знаходжаньне ў Беларусі. Дапамагаў ёй зьвярнуцца да лекараў. Купляў ёй прадукты і квіткі на цягнік. Але гэтыя дзеяньні ніяк нельга назваць злачынствам. Усе грамадзяне Курдыстану, зь якімі ён меў зносіны, самастойна прыехалі ў Беларусь, без удзелу Алана. Калі хто-небудзь з гэтых грамадзян і зьбіраўся незаконна перасячы мяжу зь Эўразьвязам, то да адказнасьці трэба прыцягваць іх, але Алану пра іх намеры нічога не было вядома.
На гэта судзьдзя заўважыў: «У нашым заканадаўстве незаконнае перасячэньне мяжы зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. А вось арганізацыя такога незаконнага перасячэньня мяжы – ужо крымінальнае злачынства».
Алан парыраваў: «Замест таго, каб сказаць мне дзякуй за дапамогу ў афармленьні законнага знаходжаньня грамадзян Курдыстану ў Беларусі, мяне пасадзілі на нары».
Грамадзянін Вялікай Брытаніі дадаў: «Калі вы дакажаце, што я адпраўляў камусьці са свайго тэлефона інфармацыю з указаньнямі, што рабіць, як арганізатар, то я пагаджуся, што я вінаваты ў тым, у чым мяне вінавацяць. Але я не даваў нікому ніякіх указаньняў, а толькі аказваў дапамогу на просьбу людзей».
Алан Сміт даў свае тлумачэньні па кожным пункце абвінавачаньня, адзначаючы, што ў яго не было намераў займацца арганізацыяй незаконнай міграцыі. Дый гэта не рацыянальна, бо ён мае значны прыбытак ад будаўнічага бізнэсу ў нафтавай галіне. Знаходзячыся ў Беларусі толькі дзесяць дзён, Алан выдаткаваў больш за шэсьць тысяч даляраў, а за перасячэньне мяжы мігранты, паводле іх паказаньняў, плацілі па тры тысячы.
Алан адзначыў, што сьледзтва па гэтай справе доўжыцца вельмі доўга і непрафэсійна. Сьледчы ня здолеў высьветліць шмат фактаў, важных для справы, высьветліць якія было ня надта складана.
Заява ў судзе Алана Сміта доўжылася з 10-й раніцы да 16-й гадзіны зь перапынкам на абед, пасьля чаго ён адказаў на пытаньні суду і супрацоўніка пракуратуры.
Суд па гэтай справе будзе доўжыцца яшчэ ня менш як тыдзень.
Крыніца: Брытанскі падданы Алан Сміт зрабіў першую заяву праз перакладчыка ў беларускім судзе