Эксперты і грамадскія актывісты ў чарговы раз уздымаюць пытанне адкрытасці і празрыстасці для грамадства працэсу будаўніцтва АЭС перад адказнымі асобамі.
“На пачатку красавіка мы звярнуліся ў дырэкцыю атамнай электрастанцыі, каб правесці супольна з імі круглы стол па пытаннях празрыстасці і адкрытасці будаўніцтва АЭС. Але дырэкцыя не пайшла насустрач. Нам нічога не заставалася, каб проста сабраць мясцовых актывістаў, якія пражываюць у рэгіёне будаўніцтва, запрасіць экспертаў, якія валодаюць хоць нейкай інфармацыяй і пагаварыць пра далейшыя нашыя крокі”, - адзначае праваабаронца з г. Маладзечна Алесь Капуцкі.
Грамадскі актывіст з Астраўца Мікалай Уласевіч адзначае, што грамадскія актывісты і зацікаўленныя людзі накіроўваюць свае высілкі на тое, каб спыніць будаўніцтва, якое нічога добрага Беларусі не прынясе.
“І зараз небяспека як ніколі вялікая. Пра гэта сведчаць тыя выпадкі, што адбыліся ў 2016 годзе, калі адзін рэактар уранілі на зямлю, а другі – ударылі аб стоўб электраперадачаў”, - кажа ён.
Алесь Капуцкі падкрэслівае:
“Усё закрыта, ніхто нічога не ведае, інфармацыя хаваецца. Пытанне: “Чаму? Чаму няма доступу незалежнай грамадскасці і экспертаў на будаўнічую пляцоўку?” Значыць напэўна ёсць, што хаваць”.
Сябра Рады грамадскага аб’яднання “Экадом”, адказны сакратар грамадскай экалагічнай экспертызы праекта Беларускай АЭС Таццяна Новікава лічыць:
“Праблема ў тым, што Беларусь парушыла Орхускую канвенцыю, канвенцыю ЭСПА у працэсе будаўніцтва, таму што яна не ўлічыла ні меркаванне грамадскасці пры прыняцці рашэння пра будаўніцтва беларускай АЭС, ні меркаванне суседніх краінаў”.
Круглы стол па абмеркаваннях праблемаў у працэсе будаўніцтва АЭС адбыўся 5 чэрвеня.
Крыніца: Чаму для грамадскасці і экспертаў няма доступу на будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС? Відэа