Звесткі аб бунце асуджаных у калоніі з'явіліся ўвечары 5 лістапада ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» у паблікt «Беларуская Турма», паведамляе naviny.by. Аўтары паведамлення адзначаюць, што атрымалі інфармацыю напрамую з калоніі. Па іх дадзеных, бунт здарыўся ў ноч на 4 лістапада. Нібыта бунт падтрымалі ўсе атрады, «заблякавалі дзверы ў атрадах, некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі атрымалі траўмы, асуджаныя патрабавалі зняць адміністрацыю». Паведамляецца, што 4 лістапада ў калоніі чакалі начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Алега Маткіна, але «ён не прыехаў». Пішацца таксама, што "адміністрацыю калоніі часова ўсю замяняе брэсцкае кіраванне Дэпартамента выканання пакаранняў".

Міністэрства ўнутраных спраў раніцай 6 лістапада паведаміла БелаПАН, што яны ўжо праводзяць праверку па гэтай інфармацыі. «Пакуль правяраем», - заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Георгій Еўчар.

У калоніі № 22 адбываюць пакаранне ўпершыню асуджаныя па наркатычным артыкуле № 328 КК.

Павел Сапелка

Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што такая сітуацыя дапушчальная з-за шматлікіх праблем, звязаных з умовамі ўтрымання ў ВК №22:

"На жаль, калоніі максімальна закрыты для грамадзянскага кантролю. Будзь у нас інстытут амбудсмена або рэальна працуючыя грамадскія назіральныя камісіі, гэтую інфармацыю можна было б праверыць неадкладна. Праваабаронцам вядома пра шматлікія праблемы, звязаных з адбываннем крымінальнага пакарання асуджанымі па арт. 328 КК. Напрыклад, цяжкая нізкааплатная праца, недастатковае харчаванне, адсутнасць перспектыў датэрміновага вызвалення і скарачэння тэрміну па амністыі. Усё гэта можа штурхнуць зняволеных да пратэсту".

Крыніца: МУС правярае інфармацыю аб бунце зняволеных у калоніі пад Івацэвічамі