Выбітны бахрэйнскі праваабаронца, арыштаваны 13 чэрвеня 2016 года, застаецца пад вартай, нягледзячы на пастанову суда аб яго вызваленні. Супраць яго ўзбуджаны тры справы, слуханні па дзвюх з іх адкладаліся ўжо 23 разы. Набіла Раджаба пераследуюць за ажыццяўленне права на свабоду слова. Яму пагражае 18 гадоў турмы.
Пастанова суда аб вызваленні Набіла Раджаба ў межах справы, звязанай з яго паведамленнямі і рэтвітамі ў Twitter у 2015 годзе пра турму Джаў і вайну ў Емене, была вынесена яшчэ 28 снежня 2016 года, аднак ён адразу быў узяты пад варту па іншых абвінавачваннях.
Праваабаронца правёў дзевяць з паловай з апошніх дванаццаці месяцаў у адзіночнай камеры. У траўні 2017 года Камітэт ААН супраць катаванняў заявіў, што справа Раджаба выклікае занепакоенасць, і заклікаў да яго вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх праваабаронцаў і журналістаў, затрыманых і зняволеных за сваю працу ў Бахрэйне.
“Мы асабліва занепакоеныя станам здароўя Раджаба, які працягвае пагаршацца ў сувязі з дрэннымі ўмовамі зняволення і кепскім абыходжаннем. 5 красавіка 2017 года Раджаб перанёс сур'ёзную аперацыю ў ваенным шпіталі. Насуперак рэкамендацыям дактароў, праз два дні пасля гэтага яго вярнулі назад у камеру. На наступны дзень ён быў дастаўлены ў паліцэйскую клініку для аказання неадкладнай дапамогі. 7 чэрвеня ён перанёс невялікую аперацыю. Стан здароўя Раджаба перашкаджае яму наведваць судовыя слуханні. Суддзя адхіліў ўсе хадайніцтвы адвакатаў аб вызваленні яго пад заклад, нягледзячы на працяглае ўтрыманне ў адзіночнай камеры і неабвержныя доказы пагаршэння стану яго здароўя”, - паведамляюць праваабаронцы ў адкрытым лісце да дзяржаваў-сябраў ААН і дзяржаваў-назіральніц.
Аўтары звароту просяць сваіх адрасатаў заклікаць улады Бахрэйна вызваліць праваабаронцу Набіла Раджаба.
Сярод падпісантаў значацца такія ўплывовыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, як Amnesty International, ARTICLE 19, CIVICUS, IFEX, Index on Censorship, PEN International, OMCT і FIDH.
Крыніца: У гадавіну арышту Набіла Раджаба праваабаронцы звярнуліся да ААН