Актывіст Сяргей Пальчэўскі Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі атрымаў ліст з КДБ Беларусі, у якім паведамляецца пра спыненьне крымінальнай справы па частцы 3 артыкула 293 «з-за адсутнасьці ў дзеяньнях складу злачынства». Такі ж ліст атрымаў і Зміцер Дашкевіч, піша Радыё Свабода. 

Таксама паведамляецца, што Сяргей Пальчэўскі можа азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Пасьля вызваленьня зь СІЗА Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што даў падпіску аб супрацы з КДБ пад псэўданімам «Артур». У сваёй заяве, распаўсюджанай у сацсетках, ён напісаў, што каецца ў гэтым перад Богам і людзьмі.

Сяргей Пальчэўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што такое рашэньне КДБ было для яго нечаканым.

«Я ж першы, каму такі ліст прыйшоў. Магчыма, такія лісты прыйшлі і іншым фігурантам справы. Альбо пасьля мяне нехта яшчэ атрымае такі ліст. Тое, што супраць мяне спынілі справу, гэта натуральна, бо мы не плянавалі ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Яшчэ тут паўплываў грамадзкі ціск, што ніхто не забываецца пра гэтую справу».

Наконт сваіх далейшых дзеяньняў Сяргей Пальчэўскі вызначыцца пасьля гутаркі з адвакатам.

Пазней стала вядома, што лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч атрымаў такое ж паведамленьне пра спыненьне крымінальнай справы па частцы 3 артыкула 293 «Арганізацыя масавых беспарадкаў» з прычыны «адсутнасьці ў дзеяньні складу злачынства».

Раніцай 9 чэрвеня яшчэ адзін актывіст "Маладога фронту"  Раман Васільеў напісаў у фэйсбуку, што "таксама атрымаў такую паперку" і змясціў фота паведамлення аб спынені крымінальнай справы.

Нагадаем, Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі былі затрыманы 22 сакавіка, іх абвінавацілі ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Дашкевіч быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе 14 красавіка, Сяргей Пальчэўскі — 15 красавіка. 

Крыніца: Супраць маладафронтаўцаў спынілі крымінальны перасьлед па справе «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў»