10 снежня святкуецца Сусветны дзень правоў чалавека. У гэтым годзе гэтая дата знамянальная яшчэ тым, што роўна 70 год таму быў прыняты адзін з самых важных дакументаў па правах чалавека — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Яна прасякнута духам барацьбы з дыскрымінацыяй, перакананнем, што ўсе людзі роўныя і маюць роўныя правы. Хоць Беларусь і з’яўляецца яе ўдзельнікам, у нашай краіне ўсё роўна шырока парушаюцца фундаментальныя правы чалавека, абвешчаныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. На абарону кожнага права, абвешчанага Дэкларацыяй, у Беларусі ёсць свой праваабаронца, а то і цэлая праваабарончая арганізацыя. Яны змагаюцца кожны дзень, каб дамагчыся правоў чалавека і захаваць іх. “Вясна” спытала ў беларускіх праваабаронцаў, чаму Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека застаецца такой жа актуальнай, як і 70 год таму.
Артыкул 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Нi над кiм не павiнны ўчыняцца катаваннi або жорсткiя, бесчалавечныя або ўнiжаючыя яго годнасць абыходжанне i пакаранне. |
Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” цяпер займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі. У 2011 годзе яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, а праз год у Страсбургу ўзнагародзілі прэстыжнай еўрапейскай прэміяй "За абарону правоў чалавека". Цяпер ў межах “Вясны” ён займаецца, у тым ліку, выяўленнем выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.
"Вядома, ніхто ніколі і ні пры якіх абставінах не павінен падвяргацца катаванням. Апраўданнем забароненага абыходжання не могуць быць нават самыя важкія і паважлівыя прычыны. Гэта абсалютная забарона, якая не прадугледжвае ніякіх выключэнняў. Нельга катаваць тэрарыстаў, забойцаў і шпіёнаў.
Нельга ўжываць катаванні ні ў мірны час, ні падчас вайны. Не лічацца забароненым жорсткім абыходжаннем толькі выпадкі прычынення болю пры абгрунтаваным прымяненні сілы ў правамерных мэтах - для затрымання злачынца і спынення злачынства.
Сыходзячы з усласнага досведу, магу сказаць, што у нашай краіне няма яснай і цвёрдай пазіцыі нулявай цярпімасці да любой праявы забароненага абыходжання. На жаль, у Беларусі супрацоўнікам сілавых ведамстваў не прышчапляюць павагі да асабістай недатыкальнасці і годнасці чалавека. Таму ў праваабаронцаў і актывістаў наперадзе шмат працы па фіксацыі парушэнняў і растлумачэнню абсалютнага і універсальнага характару права, прадугледжанага артыкулам 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека".
Артыкул 14 Усеагульнай дэкларацыі праоў чалавека 1. Кожны чалавек мае права шукаць прытулак ад праследавання ў iншых краiнах i карыстацца гэтым прытулкам. |
Праваабаронца Наста Лойка займаецца грамадзянска-палітычнымі правамі чалавека ўжо больш за восем год, правамі бежанцаў у Беларусі - каля двух гадоў Human Constanta.
"Гэтае права змяшчае некалькі важных момантаў. Па-першае, што трэба ведаць у кантэксце гэтага права, што бегчы ад вайны і пераследу з адной краіны ў іншую, у тым ліку без дакументаў – гэта права чалавека, а не правапарушэнне.
Па-другое, аб чым трэба памятаць, што дзяржавы не могуць высылаць або вяртаць бежанцаў на мяжу краіны, дзе iх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх расы, рэлігіі, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў (артыкул 33 Канвенцыі пра статус бежанцаў). Таксама забараняецца высылаць у краіны, дзе паграджаюць катаванні, смяротнае пакаранне і грубыя, выпіюшчыя, масавыя парушэнні правоў чалавека.
Дзяржавы самі вырашаюць, каму прадстаўляць абарону, а каму не, але пры гэтым працэдура павінна ўлічваць іншыя правы (на забарону адвольнага затрымання, забяспячэнне тлумачэння правоў і абавязкаў, належныя ўмовы ўтрымання і г.д.).
Высылаць можна бежанцаў толькі ў выпадку іх пагрозы нацыянальнай бяспецы ці здзяйснення імі асабліва цяжкага злачынства непалітычнага характара.
Гэта вельмі важнае права і для Беларусі. На жаль, я ведаю прыклады, калі ў людзей не прымалі хадайніцтвы на прытулак ад праследавання ў iншых краiнах, альбо не давалі магчымасці абскардзіць адмовы, альбо не забяспечвалі належны пераклад. І, на жаль, ведаю прыклады высылак у небяспечныя краіны. Хаця ў той жа час Беларусь прадстаўляе міжнародную абарону больш чым у 70% запытаў.
Сёння можна дапамагчы бежанцам і бежанкам у Беларусі рознымі спосабамі: ёсць спецыяльныя праграмы ў Чырвонага Крыжа, а таксама можна валанцёрыць у арганізацыі Human Constanta. Асабліва важная дапамога ў Брэсце, дзе шмат бежанцаў з Паўночнага Каўказу. Таксама можна прыносіць цёплую вопратку і прадукты для іх у Мінску і Брэсце”.
Чытаць таксама:
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам (Алесь Бяляцкі і Дзіна Шаўцова)
Крыніца: Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам. Частка 2 Фота