Воранаўскі раённы выканаўчы камітэт разгледзеў зварот праваабаронцы "Вясны" Валянціна Стэфановіча на прыцягненне работнікаў да прымусовай працы.
Першапачаткова, праваабаронца накіроўваў заяву пракурору Воранаўскага раёна Валяр'яну Калесніку, аднак, той разбірацца не стаў і перанакіраваў зварот у Гарадзенскі аблвыканкам. Аблвыканкам у сваю чаргу «спусціў» заяву ў Воранаўскі райвыканкам.
У сваім адказе на заяву старшыня райвыканкама Мікалай Розум піша, што перыядычнасць выдання "Воранаўскай газеты" два разы на тыдзень, і артыкулаў пра ўборку бульбы ў саўгасе "Воранаўскі" у нумары 79 і 80, якія выходзілі 20 і 24 кастрычніка адпаведна, не было. І лічыць, што заява праваабаронцы не адпавядае рэчаіснасці.
Пры тым, што Валянцін Стэфановіч у сваёй заяве чорным па беламу пісаў аб размяшчэнні артыкулы на афіцыйным сайце газеты з указаннем адпаведнай спасылкі, а не ў яе друкаваным выданні.
Далей Мікалай Розум ўсё ж такі спрабуе растлумачыць, што заканадаўства аб працы не ўтрымлівае нормаў, якія дэталёва рэгламентуюць праваадносіны, якія складваюцца пры выкананні сельскагаспадарчых работ работнікамі іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Але штогод з мэтай дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям прымаецца пастанова Савета Міністраў.
"Акрамя таго, згодна з нормамі заканадаўства аб працы ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі магчыма выкарыстанне наступных варыянтаў: камандзіраванні работніка ў сельскагаспадарчую арганізацыю на перыяд выканання сельскагаспадарчых работ з выплатай камандзіровачных расходаў і захаваннем заработнай платы; часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю", - піша старшыня Воранаўскага райвыканкама.
Ён сцвярджае, што выкананне работ на полі можа ажыццяўляцца і ў вольны ад асноўнай працы час шляхам заключэнне дадатковых дагавораў, а заканадаўства не забараняе любому грамадзяніну прымаць добраахвотны асабісты ўдзел ва ўборцы ўраджаю ў сельгасарганізацыях.
Валянцін Стэфановіч вельмі здзіўлены такім адказам старшыні райвыканкама. Праваабаронца накіраваў скаргу старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дзе ўказвае, што так і не было праведзена паўнавартаснай праверкі па ўказаных ім у заяве паведамленняў аб парушэнні актаў заканадаўства і недахопах у рабоце дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, апытанні работнікаў, якія прымалі ўдзел у сельгасработах, на прадмет добраахвотнасці іх удзелу ў такіх працах, іх кіраўніцтва, вывучэння парадку афармлення такіх накіраванняў на ўборку сельгаспрадукцыі ў дадзеных прадпрыемствах на прадмет адпаведнасці патрабаванням працоўнага заканадаўства.
«Адным з выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам, калі наймальнік мае права патрабаваць ад работніка выканання працы, не абумоўленай працоўным дагаворам, з'яўляецца перавод работніка ў адпаведнасці з арт. 30 Працоўнага кодэкса. Менавіта дадзены артыкул прадугледжвае магчымасць даручэння наймальнікам работніку выканання работы па іншай спецыяльнасці, кваліфікацыі, прафесіі пасады ў параўнанні з працай абумоўленай працоўным дагаворам, у тым ліку працы ў іншага наймальніка і ў іншай мясцовасці. Адным з асноўных умоў пераводу з'яўляецца наяўнасць пісьмовай згоды работніка, што і варта было б праверыць пры разглядзе заявы па сутнасці», - адзначае Валянцін Стэфановіч.
Ён лічыць, што спасылка ў адказе райвыканкама на арт. 33 Працоўнага кодэкса, як адзін з магчымых варыянтаў накіравання работнікаў на сельгаспрацы, не вытрымлівае крытыкі:
«Уборка бульбы не з'яўляецца выпадкам вытворчай неабходнасці для наймальнікаў, якія накіравалі работнікаў на ўборку. Уборка ўраджаю - гэта не стыхійнае бедства і не ўраган, а штогадовае і вельмі прадказальнае мерапрыемства».
Праваабаронца адзначае, што памылковай з'яўляецца і выснова Мікалая Розума аб тым, што адным з магчымых варыянтаў накіравання работнікаў на сельгаспрацы з'яўляецца іх камандзіраванне: у адпаведнасці з арт. 91 ПК, работнік накіроўваецца па распараджэнні наймальніка на пэўны тэрмін у іншую мясцовасць для выканання службовага задання, г.зн. працы ў рамках сваёй спецыяльнасці, пасады і кваліфікацыі. Акрамя таго, накіраванне ў службовую камандзіроўку патрабуе і адпаведнага афармлення, у тым ліку выдачу камандзіровачнага пасведчання.
«У адказе Воранаўскага выканкама не змяшчаецца якой-небудзь інфармацыі, якая пацвярджае факт камандзіравання работнікаў прадпрыемстваў на ўборку ўраджаю, указаных у публікацыі, не прыводзяцца факты, якія пацвярджаюць выданне адпаведных загадаў наймальнікаў аб накіраванні работнікаў у такія "службовыя камандзіроўкі", факты выдачы ім адпаведных камандзіровачных пасведчанняў. Гэтак жа, як і не ўтрымоўваецца іншай інфармацыі вычарпальнага характару, якая тлумачаць прысутнасць работнікаў прадпрыемстваў у іх працоўны час на палях іншага прадпрыемства (наймальніка).
Такім чынам, мной не быў атрыманы адказ ні на адно з пастаўленых у заяве пытанняў», - заключае Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца просіць Гродзенскі аблвыканкам усё ж такі разгледзець яго заяву па сутнасці, указаць старшыні Воранаўскага райвыканкама М. Розуму на неабходнасць няўхільнага выканання патрабаванняў заканадаўства аб звароце грамадзянаў пры разглядзе іх заяў і зваротаў. А пры ўстанаўленні фактаў парушэння дзеючага заканадаўства прыняць меры да аднаўлення парушаных правоў грамадзянаў і прыцягненню вінаватых службовых асобаў да ўстаноўленай законам адказнасці.
Крыніца: Ці была добраахвотнай працы работнікаў у саўгасе "Воранаўскім"?