Былы палітвязень, журналіст "Новага Часу" Мікола Дзядок 11 снежня паведаміў у фэйсбуку, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго па арт. 17.11 КаАП (выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) адпраўлена на "выдаленне недахопаў".
Нагадаем, 7 снежня Мікалаю Дзядку стала вядома, што ў дачыненні да яго заведзеная адміністрацыйная справа за карцінку, апублікаваную ў фэйсбуку два гады таму. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі». Актывіст знайшоў гэты пратакол у паштовай скрыне. Мікалаю было вядома толькі, што справа накіраваная ў суд, аднак ці было паседжанне — невядома.
11 снежня актывіст патэлефанаваў у суд Фрунзенскага раёна, каб даведацца пра лёс справы. Яму паведамілі, што яшчэ 5 снежня справу адправілі на дапрацоўку ў Фрунзенскі РУУС.
Мікола Дзядок, каментуючы гэтую сітуацыю ПЦ "Вясна", адзначыў:
"Прычыну гэтага бачу ў тым, што пратакол і сама справа складзеныя неахайна, без неабходнай колькасці дакументаў. Відавочна, пратакол рабіўся "на адчапіся". Канечне, малаверагодна, што справу скончаць за тэрмінам даўніны. Думаю, суд усё роўна адбудзецца, бо тут ужо справа прынцыпа - прыцягнуць мяне да адказнасці. Але, які бы не быў вырак суду, я да яго гатовы.
Крыніца: Адміністрацыйную справу Дзядка адправілі на дапрацоўку