12 снежня эксперты ААН па правах чалавека - Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю, пакараннях, якія адбываюцца без належнага судовага разбору, або адвольных пакараннях смерцю, разам з Камітэтам па правах чалавека асудзілі Рэспубліку Беларусь за цыклічнае прымяненне смяротнага пакарання пасля паведамленняў мясцовых СМІ пра тое, што ў краіне, насуперак просьбам Камітэта па правах чалавека аб прыпыненні выканання смяротных прысудаў, былі пакараныя трое чалавек: Аляксей Міхаленя, Сямён Беражной і Ігар Гершанкоў.
«Цыклічнае невыкананне Рэспублікай Беларусь працэдур Камітэта і невыкананне просьбаў Камітэта аб прыняцці часовых мераў абароны абсалютна непрымальна. Той факт, што гэта адбываецца ў кантэксце спраў, звязаных са смяротным пакараннем і наўпрост закранаюць права на жыццё, якое, на думку Камітэта з'яўляецца «асноватворным правам», з'яўляецца проста неймаверным», - сказаў старшыня Камітэта па правах чалавека Юваль Шані.
Невыкананне просьбы Камітэта аб прыняцці часовых мераў, якая з'яўляецца афіцыйнай назвай працэдуры Камітэта, накіраванай на прадухіленне прычынення непапраўнай шкоды, уяўляе сабой парушэнне Беларуссю яе абавязкаў па артыкуле 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога Беларусь далучылася ў 1992 годзе. Дзяржавы, якія далучыліся да Факультатыўнага пратакола, абавязаныя ў адпаведнасці з міжнародным правам добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам. Просьбы Камітэта аб часовым прыпыненні выканання смяротных прысудаў асобаў, чые скаргі знаходзяцца на яго разглядзе, з'яўляюцца абавязковымі ў адпаведнасці з міжнародным правам.
Згодна з інфармацыяй СМІ, Аляксей Міхаленя, які быў прызнаны вінаватым у забойствах і прысуджаны да смяротнага пакарання ў сакавіку 2017 года, быў пакараны прыблізна 15 траўня гэтага года. Сямён Беражной і Ігар Гершанкоў былі прызнаныя вінаватымі ў забойствах у ліпені 2017 года, і, як паведамляецца, былі пакараныя прыблізна 19 лістапада 2018 года.
«Нягледзячы на ўсю сур'ёзнасць злачынстваў, якія ставяцца ў віну, гэтыя асобы, як індывіды, валодаюць неад'емным правам на жыццё. Той факт, што іх сваякам не паведамляецца пра час і абставінах іх смерці і не выдаюцца іх целы для пахавання - гэта дадатковыя пакуты, якія несправядліва прычыняюцца іх сем'ям», - заявіла Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.
З 2010 года ў Беларусі пакаралі смерцю 13 чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе Камітэта па правах чалавека. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая прымяняе смяротнае пакаранне. У сваім апошнім дакладзе па Беларусі, апублікаваным у лістападзе 2018 года Камітэт па правах чалавека падкрэсліў, што Рэспубліцы Беларусь «варта разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху ўстанаўлення заканадаўчай забароны смяротнага пакарання і ратыфікацыі другога Факультатыўнага пратакола да Пакта, замяніць усе смяротныя прысуды турэмным зняволеннем і актывізаваць намаганні для змены грамадскай думкі аб неабходнасці захавання смяротнага пакарання».
Нягледзячы на выкананне смяротных прысудаў, вынесеных у дачыненні да Аляксея Міхалені, Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, Камітэт па правах чалавека разгледзіць іх справы. Ва ўсіх трох скаргах утрымліваюцца заявы аб ужыванні катаванняў у месцах пазбаўлення волі, прымусе да дачы паказанняў, адмове ў доступе да юрыдычнай дапамогі і несправядлівым судовым разглядзе.
Камітэт па правах человека назірае за выкананнем дзяржавамі-удзельнікамі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які на сённяшні дзень ратыфікаваны 172 дзяржавамі. Камітэт складаецца з 18 членаў, якія з'яўляюцца незалежнымі экспертамі ў галіне правоў чалавека з усяго свету, і ажыццяўляюць свае функцыі ў індывідуальнай якасці, а не ў якасці прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц.
Дадатковы пратакол да Пакту, ратыфікаваны 116 дзяржавамі, надзяляе Камітэт паўнамоцтвамі па разглядзе індывідуальных скаргаў, якія тычацца меркаваных парушэнняў Пакта дзяржавамі-удзельніцамі. Дадатковы пратакол накладае на дзяржавы-ўдзельніцы міжнароднае абавязацельства добрасумленна выконваць рашэнні Камітэта. Падрабязная інфармацыя пра працэдуры падачы індывідуальных паведамленняў у Камітэты ААН змяшчаецца тут.
Даведайцеся больш аб дамоўных органах і аб Камітэце па правах чалавека.
Крыніца: Эксперты ААН па правах чалавека асуджаюць выкананне смяротных прысудаў у Рэспубліцы Беларусь