Зміцер Паліенка. Фота 12 кастрычніка 2016 года. У судзе Завадскога раёна Мінска сёння, 13 снежня, мусіла адбыцца новае судовае паседжанне ў дачыненні да былога палітвязня Змітра Паліенкі. Яго вінавацяць у парушэнні артыкула 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі), а менавіта ў тым, што ён адмаўляецца хадзіць кожны дзень на прафілактычныя лекцыі ў РУУС.

Першае паседжанне па гэтай адміністрацыйнай справе павінна было прайсці шостага снежня, аднак яно так і не адбылося, бо суд адправіў справу на дапрацоўку. І вось увечары 12 снежня стала вядома, што пратакол усё ж дапрацавалі, а на наступны дзень Паліенка мусіць з’явіцца ў мясцовы РУУС, адкуль будзе дастаўлены ў суд.

Амаль палову дня 13 снежня Зміцер знаходзіўся ў пастарунку. Каля 12.30 актывіст Максім Вінярскі, які чакаў у будынку суда, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што суд у дачыненні да актывіста ізноў не адбыўся, а сам Паліенка едзе дамоў. 

Сам Зміцер Паліенка паведаміў ПЦ "Вясна", што ў пастарунку міліцыянты ізноў апытвалі яго наконт таго, чаму ён не наведвае прафілактычныя лекцыі. Напрыканцы размовы яны ўручылі яму позву на наступны дзень, 14 снежня, на 9.10 раніцы. Згодна з ёй, суд па артыкуле 23.4 КаАП мусіць адбыцца прама ў пастарунку Завадскога РУУС. Былы палітвязень лічыць такія дзеянні міліцыянтаў ні чым іншым, як здзекамі. 

На сённяшні дзень за адмову хадзіць на прафілактычныя лекцыі ў РУУС на актывіста складзена тры адміністрацыйныя пратаколы. Вядома, што яшчэ адно судовая паседжанне па аднаму з пратаколаў прызначана на 19 снежня.

Нагадаем, што Зміцер Паліенка выйшаў на волю больш за месяц таму і павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання. Некалькі разоў хлопец наведаўся на іх, але затым адмовіўся гэта рабіць прынцыпова. Ён звярнуўся ў пракуратуру, каб тая правяла праверку законнасці дзеянняў міліцыянтаў Завадскога РУУС, паколькі, на яго думку, штоднёвыя паходу ў пастарунак значна абмяжоўваюць яго права на свабоднае перамяшчэнне і забіраюць даволі шмат часу. Пракуратура па традыці перанакіравала яго скаргу ў сам Завадскі РУУС, які канешне ж не знайшоў парушэнняў у дзеяннях сваёй жа ўстановы. Зараз Паліенка з дапамогай праваабаронцаў абскарджвае гэты адказ у ГУУС Мінгарвыканкама.

Справа ў тым, што ў заканадаўстве прапісана, што прафілактычныя мерапрыемствы мусяць праходзіць раз на месяц, калі іншая перыядычнасць не вызначана кіраўніцтвам суб'екта прафілактыкі. І атрымліваецца, што кіраўніцтва Завадскога РУУС пайшло  другім шляхам і вызначыла перыядычнасць для такіх мерапрыемстваў – кожны дзень. Пры гэтым яны ніяк не абгрунтавалі, на падставе чаго абрана менавіта такая перыядычнасць.

Крыніца: Дзіўная валтузня вакол Паліенкі: міліцыя не ведае, што з ім рабіць