Суд Партызанскага раёна Мінска 14 снежня працягнуў разгляд адміністрацыйнай справы журналіста Генадзя Барбарыча. Яго звінавацілі ў тым, што 8 снежня ён, “разам з аператарам Ляўчуком зняў відэасюжэт, які потым быў размешчаны на сайце Радыё Рацыя”. Тым самым парушыў ч.2 арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).
На папярэднім судовым паседжанні 13 снежня Генадзь Барбарыч адзначыў:
“Са мной ніхто асабіста не размаўляў, склалі пратакол завочна менавіта за матэрыял, які тычыцца «справы БелТА», калі я прыходзіў 8 снежня да будынка Следчага камітэта і запісаў Ірыну Леўшыну – галоўнага рэдактара. Але ж ніякага відэасюжэта на сайце Радыё Рацыя няма, там ёсць толькі фотаздымак пад зацемкай.”
Сёння суд разгледзеў матэрыялы справы і прыняў рашэнне адправіць пратакол правапарушэння на дапрацоўку ў аддзяленне міліцыі.
Па словах Генадзя Барбарыча, вінаватым сябе ён не лічыць, таму што па Канстытуцыі яму гарантаванае права свабоднага збору і распаўсюду інфармацыі.
Крыніца: “Самы справялівы суд у свеце” адправіў справу журналіста Барбарыча на дапрацоўку