Сумесная заява праваабарочай супольнасці Беларусі
Мінск, 13 снежня 2018 г.
13 лістапада 2018 г. УУС адміністрацыі Маскоўскага р-на г. Мінска ў дачыненні да грамадзянкі Расійскай Федэрацыі, прэс-сакратаркі Абэяднанай Грамадзянскай Партыі Ганны Красулінай было прынятае рашэнне аб высылцы з Рэспублікі Беларусь у мэтах грамадскага парадку шляхам добраахвотнага выезду тэрмінам на адзін год.
Як вынікае з афіцыйных дакументаў МУС, прадстаўленных Ганне Красулінай, а таксама каментара начальніка дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, рашэнне аб высылцы Красулінай было прынятае ў сувязі з тым, што яна двойчы ў 2016 і 2017 годзе была прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Менавіта гэтыя паводзіны Ганны Красулінай па меркаванні прадстаўнікоў МУС Рэспублікі Беларусь і ўяўляюць грамадскую небяспеку. Паводле прынятага рашэння Красуліна мусіла пакінуць тэрыторыю краіны да 30 лістапада бягучага году.
28 лістапада Г. Красуліна абскрадзіла вынесенае УУС адміністрацыі Маскоўскага р-на рашэнне аб выслыцы ў ГУУС Мінгарвыканкама, аднак ужо 30 лістапада ёй паведамілі, што скарга не была задаволеная і рашэнне аб высылцы было пакінутае без зменаў. Вынесенае рашэнне было абскарджанае ў суд Маскоўскага р-на г. Мінска.
Прызнаючы суверэннае права Рэспублікі Беларусь на абмежаванне ва ўездзе і знаходжанні на тэрыторыі краіны замежных грамадзян у інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, адзначаем наступнае:
Высылка з краіны грамадзянкі Расійскай Федэрацыі Ганны Красулінай у сувязі з прыцягненнем яе да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах з’яўляецца відавочна непрапарцыйнай і празмернай мерай, звязанай з рэалізацыяй свабоды мірных схода і выказвання свайго меркавання. Рэалізацыя дадзеных свабодаў у поўнай меры гарантаваная міжнароднымі нормамі права і замежнымі грамадзянам, якія пражываюць і часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Таксама трэба адзначыць, што свабода мірных сходаў не павінна падлягаць якім бы не было абмежаванням, акрамя ўстаноўленых законам і неабходных у дэмакратычнай краіне ў мэтах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці і здароўя насельніцтва, правоў іншых грамадзян.
Лічым, што прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці сп. Ганны Красулінай за ўдзел у мірным сходзе з’яўляецца непрапарцыйнай, парушаючай яе правы мерай, паколькі выказванне ёй такім чынам свайго меркавання аніякім чынам не адпавядае дапушчальным абмежаванням свабоды мірных сходаў, сфармуляваных у арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Такім чынам, спасылкі прадстаўнікоў МУС на мэту абароны грамадскай бяспекі, як падставу для высылкі з краіны Ганны Красулінай, з’яўляюцца неабгрунтаванымі, паколькі рэалізацыя свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання апрыёры не можа ўяўляць грамадскую небяспеку і парушаць грамадскі парадак.
Як адзначаецца ў п. 22 Сіракузскіх прынцыпаў растлумачэнняў і адступленняў ад палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, выраз “грамадскі парадак” у тым сэнсе ў якім ён выкарыстоўваецца ў Пакце, можа быць вызначаны як сукупнасць норм, якія забяспечваюць жыццядзейнасць грамадства ці шэраг асновапалагаючых прынцыпаў, на якіх пабудавана грамадства. Павага да правоў чалавека з’яўляецца часткай грамадскага парадку.
Акрамя таго пры вынясенні рашэння аб высылцы грамадзянкі Расійскай Федэрацыі Ганны Красулінай з тэрыторыі Беларусі органы МУС павінны былі ўзяць пад увагу той факт, што спадарыня Красуліна пражывае на тэрыторыі Беларусі з 2002 года, мае сталыя сямейныя і сацыяльныя сувязі ў краіне свайго прабывання, мае ў Беларусі састарэлых бацькоў. У яе таксама маюцца сродкі для пражывання і маёмасць.
Бяручы пад увагу ўсе азначаныя акалічнасці ў нас ёсць падставы меркаваць, што дзеянні ўладаў скіраваныя на высылку Ганны Красулінай, прадыкатваныя выключна палітычным матывам і маюць на мэце стварэнне перашкодаў у ажыцяўленні Ганнай Красулінай грамадска-палітычнай дзейнасці, а таксама з’яўляецца адной з формай ціску на яе ў сувязі з ажыцяўленнем такой дзейнасці.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі адмяніць усе раней вынесеныя рашэнні аб высылцы Красулінай з тэрыторыі Беларусі і неадкладна спыніць працэдуру высылкі.
ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”
Асамблея НДА
РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”
РГА “Прававая ініцыятыва”
Офіс па правах людзей з інваліднасцю
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Камітэт рэпрэсаваных “Салідарнасць”
Таварыства “Ініцыятыва FORB”
Крыніца: Патрабуем неадкладна спыніць працэдуру высылкі з Беларусі прэс-сакратаркі АГП Ганны Красулінай