Сталі вядомыя даты яшчэ двух адміністрацыйных судоў у дачыненні да ўдзельнікаў Свіслацкага Дня памяці паўстанцаў 1863 году.
“Гарадзенская Вясна” піша, што 21-га снежня а 10-й гадзіне ў Свіслацкім раённым судзе будзе разгледжана справа Мікалая Саляніка, на наступны дзень 22-га снежня - справа Сяргея Верамеенкі.
Напомнім, што ўсяго было складзена 8 пратаколаў пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні паводле артыкулу 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь. 6 адміністрацыйных справаў ужо разгледжаны. Старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін аштрафаваў на вялізныя сумы 5-х грамадскіх актывістаў: свіслацкіх Юры Глебіка (25 базавых велічынь) і Віктара Пяцельчыца (10 базавых), гарадзенцаў Віктара Сазонава (15 базавых), Ігара Банцара (15 базавых) і Ежы Грыгенчу (20 базавых). А суддзя Жана Салагубік засудзіла Уладзіміра Хільмановіча да 15 базавых штрафу.
Прызначана дата і першага разгляду касацыйнай скаргі незаконна аштрафаваных удзельнікаў Свіслацкага фэсту ў Гарадзенскім абласным судзе.
18 снежня а 16-й гадзіне ў абласным судзе будзе разгледжана скарга свіслацкага грамадскага актывіста Юры Глебіка.
Тым часам сваю касацыйную скаргу на рашэнне суда Свіслацкага раёну падаў Уладзімір Хільмановіч.